Мінск 10:47

Грамадзянін Беларусі абвінавачваецца ў падрыхтоўцы забойстваў у Літве

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

9 кастрычніка, Позірк. Грамадзянін Беларусі Вадзім Дубойскі ўваходзіць у лік шасці абвінавачаных у справе аб падрыхтоўцы забойстваў грамадскага дзеяча Валдаса Барткявічуса і грамадзяніна РФ, лідара башкірскага нацыянальнага руху Руслана Габасава, які пражывае ў Літве, паведамляе агенцтва BNS.

Адзначаецца, што 9 кастрычніка Вільнюскі акруговы суд пачне працэс па справе, на першым пасяджэнні будуць разгледжаныя працэсуальныя пытанні і ўзгодненыя даты далейшых слуханняў. Разбіральніцтва пры гэтым будзе праходзіць у закрытым рэжыме.

Дубойскі пражывае ў Вільнюсе. Сярод іншых абвінавачаных — грамадзяне Расіі, Грэцыі, Грузіі, Літвы і Украіны, якія пражываюць у розных еўрапейскіх краінах. Чацвёра фігурантаў знаходзяцца пад вартай, дваім прызначаны інтэнсіўны нагляд.

Абвінавачаным інкрымінуецца, у прыватнасці, удзел у дзейнасці арганізаванай тэрарыстычнай групы, фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці, падрыхтоўка тэракту, незаконны збор інфармацыі аб прыватным жыцці і садзейнічанне замежнай дзяржаве ў дзейнасці супраць Літвы.

Паводле даных дасудовага расследавання, група планавала забіць не менш чым двух чалавек з-за іх палітычных поглядаў і публічнай дзейнасці. Габасаў стаў меркаванай мэтай праз апазіцыйную дзейнасць супраць расійскіх уладаў, Барткявічус — праз аказанне гуманітарнай дапамогі Украіне.

Адзначаецца, што расследаванне пачалося ў пачатку 2025 года, пасля таго як Габасаў выявіў прыладу сачэння ў сваім аўтамабілі і звярнуўся ў праваахоўныя органы. Паводле даных следства, збор інфармацыі аб патэнцыйных ахвярах вёўся з лета 2024-га. Асноўныя падазраваныя былі затрыманыя ў Вільнюсе 12 сакавіка 2025 года пры ўдзеле антытэрарыстычнага падраздзялення “Арас”.

Паведамляецца, што справа ў дачыненні да шасці абвінавачаных выдзелена з больш маштабнага расследавання Бюро крымінальнай паліцыі Літвы, якое яшчэ не завершана. Паводле звестак Генеральнай пракуратуры, у яго рамках падазрэнні ў магчымым здзяйсненні тэрарыстычных і іншых злачынстваў прад’яўленыя 14 асобам.

Матэрыялы перададзенай у суд крымінальнай справы налічваюць 51 том.

Як паведамляў “Позірк”, 26 жніўня Следчы камітэт Беларусі паведаміў аб пачатку спецвытворчасці ў дачыненні да 36-гадовага Вадзіма Дубойскага паводле ч. 2 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі). Дубойскаму прапанавана з’явіцца па адрасе: Брэст, вул. Пушкінская, 63.

Дубойскі — гітарыст, удзельнік хардкор-панк-гурта Vagitta. Як адзначаў “Позірк”, у жніўні 2020 года ў Брэсце Дубойскі быў затрыманы сілавікамі і збіты. Яго вызвалілі без афармлення дакументаў. Пасля таго як музыка зняў пабоі, на яго была заведзеная справа паводле арт. 293 КК. Увосень 2020 года Дубойскі збег ад крымінальнага пераследу ў Расію, быў затрыманы 12 красавіка 2021 года па запыце беларускіх уладаў.

У кастрычніку 2021 года першы апеляцыйны суд Масквы адхіліў скаргу адваката Дубойскага на яго экстрадыцыю. За суткі да пасяджэння Еўрапейскі суд па правах чалавека забараніў высылку Дубойскага ў Беларусь. Ён быў вызвалены, у 2022 з’ехаў з Расіі.

Невядома, ці з’яўляецца музыка Дубойскі фігурантам справы ў Літве, альбо гаворка ідзе пра яго цёзку.

Падзяліцца: