Мінск 14:56

Лукашэнка абвясціў 2024-ты годам якасці

Знак якасці часоў СССР
Фота: antech.ru

27 лістапада, Позірк. Аляксандр Лукашэнка 27 лістапада падпісаў указ № 375 “Аб абвяшчэнні 2024 года Годам якасці”. Як паведамляе яго прэс-служба, у рамках года якасці будзе “зроблены акцэнт на павышэнні канкурэнтаздольнасці Беларусі праз беражлівае і прадуманае стаўленне да рэсурсаў, рэалізацыю высокатэхналагічных і энергаёмістых праектаў, прыярытэт якасных паказчыкаў над колькаснымі”.

“Дадзенае рашэнне прынята ў мэтах далейшага павышэння якасці жыцця беларускага народа, забеспячэння канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі на сусветнай арэне, стымулявання ініцыятывы, фарміравання ў грамадстве адказнасці за вынікі сваёй працы і пачуцця датычнасці да будучыні краіны”, — адзначаецца ў паведамленні.

Падкрэсліваецца, што ў 2024 годзе “намаганні будуць сканцэнтраваныя на забеспячэнні якасных паказчыкаў шляхам стымулявання ініцыятывы, укаранення рацыяналізатарскіх ідэй, умацавання ў грамадстве сацыяльнага аптымізму, імкнення ствараць на агульнае дабро”.

“Прыярытэтную ўвагу плануецца надаць фарміраванню ў грамадзян асабістай адказнасці за дасягненне высокай якасці жыцця (дастатковы ўзровень даходу, своечасовая дыспансерызацыя, здаровае харчаванне, добрую адукацыю, культурны вольны час)”, — гаворыцца ў паведамленні.

17 лістапада падчас рабочай паездкі ў Гомель Лукашэнка падтрымаў ідэю заснаваць у Беларусі адзіны дзяржаўны знак якасці. За аснову ён прапанаваў узяць знак якасці часоў СССР, які яму “вонкава падабаецца”.

“Мы дажмём. У будучы год — год якасці — мы прымусім усіх якасна працаваць. Хто хоча, і хто не хоча. Ну а хто злодзей, жулік, прайдзісвет — будзе як з малочнікамі. Ніхто цырымоніцца ні з кім не будзе. І будзем публічна называць прозвішчы і іх “тварэнні”. Я маю на ўвазе карупцыянераў”, — сказаў Лукашэнка.

2023 год абвешчаны ў Беларусі годам міру і стварэння.

Падзяліцца: