Ціханоўская: Дэмакратычныя перамены — гэта задача для беларусаў, але ў адзіночку мы не справімся
5 снежня, Позірк. “Дэмакратычныя перамены ў Беларусі — гэта задача для беларусаў, але ў адзіночку мы не справімся. Нам патрэбна падтрымка ЗША”, — заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, выступаючы 5 снежня ў Вашынгтоне на слуханнях у Камітэце па замежных справах Палаты прадстаўнікоў ЗША.
“Як абраны прэзідэнт я працягваю выконваць свае абавязкі ў выгнанні. Разам з грамадзянскай супольнасцю і палітычнымі групамі мы сфармавалі альтэрнатыўныя інстытуты ўлады, такія як Аб’яднаны пераходны кабінет, які з’яўляецца выканаўчым органам, і Каардынацыйная рада, — сказала Ціханоўская. — Я прадстаўляю беларусаў на міжнароднай арэне, сустракаючыся з сусветнымі лідарамі і ўдзельнічаючы ў міжнародных форумах ад імя нашага народа. Я заклікаю міжнародных партнёраў бачыць адрозненні паміж рэжымам і народам Беларусі, паміж Беларуссю і Расіяй, падтрымліваць дэмакратычны рух Беларусі”.
Ціханоўская заклікала ЗША і іншыя краіны “распрацаваць план дзеянняў па падтрымцы намаганняў беларусаў па захаванні незалежнасці і аднаўленні дэмакратыі ў краіне”. “Прызначэнне спецыяльнага пасланца ЗША па Беларусі стала б крокам у гэтым кірунку. Мы заклікаем да стварэння кааліцыі за незалежную дэмакратычную Беларусь, у якой ЗША маглі б узяць на сябе вядучую ролю”, — адзначыла палітык.
Паводле яе слоў, такая кааліцыя павінна патрабаваць поўнага вываду расійскіх вайскоўцаў з беларускай тэрыторыі і поўнага спынення любога ўдзелу Беларусі ў вайне супраць Украіны, супрацьстаяць замахам Крамля на беларускі суверэнітэт і нацыянальную ідэнтычнасць. “Гэта павінна ўключаць увядзенне санкцый і непрызнанне пагадненняў, падпісаных рэжымам з Расіяй пасля выбараў 2020 года, — удакладніла Ціханоўская. — Існуе вострая неабходнасць увядзення санкцый супраць Расіі за яе незаконныя спробы падпарадкаваць сабе Беларусь і выкарыстоўваць яе ў супрацьстаянні з нашымі еўрапейскімі суседзямі”.
Дэмлідар падкрэсліла: “Мы не павінны дапусціць, каб Беларусь стала суцяшальным прызам для Пуціна. Беларусь не павінна стаць разменнай манетай у любых перамовах з Расіяй. Прынцып “без беларусаў нічога пра Беларусь” павінен стаць абсалютным. Наш удзел забяспечыць паслядоўнае і прынцыповае захаванне суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны”.
Ціханоўская вітала рашэнне ЗША пачаць стратэгічны дыялог з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. “Злучаныя Штаты і іх партнёры павінны падтрымліваць намаганні па абароне правоў чалавека, адсочваючы сітуацыю, надаючы дапамогу ахвярам і ўразлівым групам, якія падвяргаюцца рэпрэсіям, фінансуючы ініцыятывы і фонды, якія дапамагаюць палітвязням і іх сем’ям, а таксама падтрымліваючы адукацыйныя праграмы ў галіне правоў чалавека, — адзначыла яна. — Міжнародныя механізмы ў рамках Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека неабходна падтрымліваць і ўмацоўваць. Улічваючы сур’ёзнасць сітуацыі з палітвязнямі, неабходна стварыць двухбаковую амерыкана-беларускую працоўную групу для распрацоўкі стратэгіі вызвалення палітвязняў і пашырэння падтрымкі працы з імі. Сярод іншых рашэнняў гэтая група павінна прывесці да стварэння Міжнароднага фонду дапамогі палітвязням”.
Ціханоўская нагадала, што рэжым у Беларусі прыняў указ, згодна з якім беларусы не могуць абмяняць свае пашпарты за мяжой, а павінны прыехаць у краіну асабіста. Для тых, хто выехаў за мяжу па палітычных прычынах, канстатавала палітык, вяртанне немагчыма. Паводле яе слоў, цяпер дэмсілы распрацоўваюць “пашпарт новай Беларусі”, яна заклікала Кангрэс ЗША дапамагчы ў пытаннях прызнання гэтага дакумента.
Таксама Ціханоўская заклікала “ўзмацніць ізаляцыю рэжыму і ціск на яго”. “Эканамічныя санкцыі — гэта не панацэя, а інструмент паслаблення рэжыму і яго здольнасці праводзіць рэпрэсіі і дапамагаць расіянам у вайне, — адзначыла палітык. — Вельмі важна зрабіць больш жорсткімі санкцыі ў дачыненні да вайскова-прамысловага комплексу, які падтрымлівае Расію ў вайне, банкаўскага і фінансавага сектара. Санкцыі павінны быць скаардынаваныя з ЕС, Вялікабрытаніяй, Канадай і беларускімі дэмакратычнымі сіламі”.
Паводле слоў дэмлідара, цяперашнія абмежаванні не працуюць у поўнай меры з-за існуючых шчылін, якія выкарыстоўвае рэжым, таму вельмі важна не проста ўводзіць новыя, але таксама забяспечваць захаванне ўжо уведзеных. Яна папрасіла разгледзець магчымасць другасных санкцый у дачыненні да тых, хто дапамагае рэжыму абыходзіць абмежавальныя меры, а таксама гарманізаваць гандлёвыя санкцыі супраць Расіі і Лукашэнкі.
Ціханоўская лічыць, што ЗША маглі б гуляць больш актыўную ролю ў “прыцягненні да адказнасці дыктатара і яго паслугачоў”: накіраваць у Міжнародны крымінальны суд звароты па шэрагу спраў, уключаючы незаконны вываз украінскіх дзяцей, дэпартацыю або гвалтоўнае перамяшчэнне грамадзянскага насельніцтва, а таксама справы супраць службовых асоб рэжыму, якія трапляюць пад універсальную юрысдыкцыю.
“Ізалюючы рэжым у Мінску, вельмі важна падтрымліваць дэмакратычныя сілы, умацоўваць іх аўтарытэт і здольнасць дамагацца практычных вынікаў на карысць беларусаў унутры і за межамі Беларусі, — сказала Ціханоўская. — ЗША могуць павялічыць сваю дапамогу беларускім дэмакратычным Інстытутам, грамадзянскай супольнасці, незалежным СМІ і культурным ініцыятывам. Амерыканская дапамога Беларусі складае прыкладна 30 млн долараў у год, а расійская падтрымка рэжыму Лукашэнкі вылічаецца мільярдамі. Міжнароднай дапамогі для дэмакратычнай Беларусі дастаткова, каб існаваць, але для перамогі нам патрэбныя рэсурсы”.
“Усе дыктатуры ўпалі, падзе і дыктатура Лукашэнкі, — дадала Ціханоўская. — Таму вельмі важна падрыхтаваць Беларусь да дэмакратычнага пераходу, распрацаваўшы план эканамічнага аднаўлення краіны. Нам трэба будзе аднавіць Беларусь пасля дзесяцігоддзяў дрэннага кіравання і тыраніі, пасля рэпрэсій і расійскага дамінавання. Нам трэба будзе прымірыць нацыю і інтэграваць яе ў міжнародную эканоміку. Беларусы павінны ведаць, што ў рамках дэмакратычнага пераходу краіне будзе аказаная ўся неабходная дапамога для правядзення эканамічных і палітычных рэформаў. Калі ласка, дапамажыце нам прасоўваць парадак дня дэмакратычнай, незалежнай, праеўрапейскай Беларусі”.
“Шлях да свабоды і дэмакратыі можа быць доўгім і цяжкім. Але гэты шлях — адзіна правільны. Я прашу Злучаныя Штаты падтрымаць свабодную і незалежную Беларусь”, — рэзюмавала Ціханоўская.
- Грамадства, ЭканомікаЗ 2014 года ў 10 разоў зменшылася колькасць арганізацый, якія не плацілі заробкі ў тэрмін — ДзяржкантрольМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЕўрапейскія перавозчыкі хацелі б аднавіць авіязносіны з Беларуссю, але палітыкі супраць — чыноўнік Мінтранса (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ГрамадстваКіраўнік Віцебскага аблвыканкама прыгразіў жорсткімі мерамі за парушэнні гандлёвымі цэнтрамі правілаў пажарнай бяспекіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, ЭканомікаАмбасадар у Кеніі Взяткін бачыць "пэўны патэнцыял" ва ўдзеле Беларусі ў рэканструкцыі офіса ААН у Афрыцы — дакументМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, ЭканомікаНа фоне санкцый улады маюць намер "пераарыентаваць бізнес на працу з айчынным сэканд-хэндам" — дакументМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаЛітва зафіксавала рэкордную за апошнія восем тыдняў колькасць спробаў парушэння мяжы з беларускага бокуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаАмаль чвэрць мільёна беларусаў звярнуліся па дазвол на знаходжанне ў ПольшчыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаАмаль чвэрць мільёна беларусаў звярнуліся па дазвол на знаходжанне ў Польшчы (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 20 снежня 2024 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка