Мінск 17:13

СК пачаў спецвытворчасць у дачыненні да заснавальніка экс-забудоўшчыка “Грушаўскага пасада” ў Мінску

16 кастрычніка, Позірк. Следчы камітэт пачаў працэс спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да Ільі Волаха — заснавальніка ТАА “Жылбудкамплект”, які сем гадоў таму пачаў будаўніцтва жылога комплексу “Грушаўскі пасад” у Мінску, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Паводле даных ведамства, Волах “прычыніў вялікую маёмасную шкоду дольшчыкам пры будаўніцтве дамоў згаданага жылога комплексу”. Яго вінавацяць паводле ч. 2 арт. 240 (наўмысная эканамічная неплацежаздольнасць (банкруцтва) і ч. 3 арт. 424 (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі) Крымінальнага кодэкса.

Завяршае будаўніцтва жылога комплексу побач з метро “Грушаўка” УКБ “Захад”. У склад комплексу павінны былі ўвайсці чатыры каркасна-блочныя дамы вышынёй ад 18 да 23 паверхаў. Першыя два дамы былі здадзены яшчэ ў 2014–15 гадах, затым будоўля спынілася ў 2020-м.

Сітуацыя закранула каля 450 сем’яў дольшчыкаў. У жніўні 2020 года яны запісалі зварот да ўладаў Беларусі і Польшчы з просьбай праверыць правамернасць дзеянняў Волаха і пазбавіць яго віда на жыхарства ў Польшчы.

У лістападзе дзяржСМІ паведамлялі са спасылкай на СК, што расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да Волаха знаходзіцца на завяршальным этапе. Пацярпелымі былі прызнаны 423 чалавекі, таксама ўрон быў нанесены 7 суб’ектаў гаспадарання.

Спецыяльная вытворчасць — вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Магчыма па 34 складах злачынстваў, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, наёмніцтва, здрада дзяржаве, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый і інш.

У Беларусі спецвытворчасць вялася ў адносінах да 31 грамадзяніна, у большасці выпадкаў па палітычна абгрунтаваных прычынах.

Падзяліцца: