Мінск 18:29

У 2023 годзе ўлады паверылі ў антырыначныя метады кіравання эканомікай — эксперт

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 2 студзеня 2024 г.

Леў Львоўскі
Фота: BEROC

У 2023 годзе ўлады паспрабавалі вярнуцца да некаторых элементаў адміністрацыйна-каманднай эканомікі, і ў іх гэта атрымалася, заявіў у каментары “Позірку” акадэмічны дырэктар даследчага цэнтра BEROC, доктар эканамічных навук Леў Львоўскі.

“Павялічваецца небяспека негатыўных з’яў у будучыні”

Паводле слоў Львоўскага, гэта быў год, які “дазволіў уладзе паверыць у свае антырыначныя метады кіравання эканомікай”: “Цяпер яна з гэтай верай можа працягнуць сваю дзейнасць, што толькі павялічвае небяспеку негатыўных эканамічных з’яў у будучыні”.

У якасці прыкладу эксперт назваў адначасовую эмісію (павелічэнне грашовай масы, ільготнае і дырэктыўнае крэдытаванне, выкарыстанне крэдытаў Расіі) і ўтрыманне звышнізкай інфляцыі.

Ён адзначыў, што ўлады змаглі “даволі хутка разгарнуць некаторыя экспартныя індустрыі”: “У прыватнасці, нафтапрадукты, якія раней ішлі ва Украіну, пераарыентаваныя на рынкі трэціх краін. Тое ж самае ўдалося зрабіць у машынабудаванні, у некаторых галінах апрацоўчай прамысловасці”.

“Калі Расія скажа плаціць па сусветных цэнах, многія збанкрутуюць”

Доля Расіі ва ўсіх адносінах з Беларуссю толькі расце, павялічваючы залежнасць Мінска ад Масквы, адзначыў эканаміст. Ён назваў некалькі найбольш уразлівых кірункаў.

“Уся беларуская лагістыка завязаная на РФ (іншых выхадаў да мора ў нас больш няма). Другое — дзяржаўныя фінансы (расійскі бок адтэрмінаваў беларускім калегам выплату дзяржаўнай запазычанасці і даў 1,5 млрд долараў новага крэдыту на імпартазамяшчэнне), што мае эфект і ўплыў у тым ліку на золатавалютныя рэзервы. Трэцяе — танны газ. Была падпісаная вельмі выгадная для Беларусі дамова. Калі заўтра Расія скажа плаціць па сусветных цэнах, то многія прадпрыемствы проста збанкрутуюць”, — патлумачыў эксперт.

Акрамя таго, адзначыў эканаміст, існуе залежнасць асобных галін ад расійскага рынку: няхай не ўсе нішы, якія вызваліліся пасля ўвядзення санкцый, удалося заняць (напрыклад, у машынабудаванні прайграна барацьба кітайцам), але асноўным рынкам збыту застаецца РФ.

“Гэта толькі тыя афіцыйныя напрамкі, пра якія мы ведаем, — падкрэсліў Львоўскі. — Ёсць яшчэ цэлы пласт палітыка-эканамічных рэчаў, пра якія мы не ведаем. Напрыклад, не абвяшчаюцца ўмовы, на якіх Расія апошнім часам выдае Беларусі крэдыты. Зрэшты, з улікам таго, што Аляксандр Лукашэнка не выхваляецца імі, мабыць, яны не вельмі добрыя”.

“Дамоўленасці з Зімбабвэ і Экватарыяльнай Гвінеяй — статыстычная хібнасць”

Урад спрабуе давесці, што маецца шмат партнёраў у краінах “далёкай дугі”, сказаў прадстаўнік BEROC. “Але гэта зусім не так. Шырока прадстаўленыя ў дзяржСМІ дамоўленасці з Зімбабвэ і Экватарыяльнай Гвінеяй — гэта нішто, гэта з разраду статыстычнай хібнасці. Рэальныя нашы партнёры — Кітай, Расія, Індыя і Бразілія (апошнія дзве — гэта ў асноўным калійныя ўгнаенні)”.

“Што для Беларусі значыць еўрапейскі рынак? Гэта еўрапейская лагістыка. Той жа экспарт угнаенняў у Індыю і Бразілію быў выгадней праз Клайпедскі порт — і ў плане дастаўкі прадукцыі, і ў плане аб’ёмаў. Сёння гэты танаж не могуць “пераварыць” у Расіі ні чыгункі, ні парты”, — заявіў суразмоўца.

“Другое, што мы губляем з-за санкцый, — экспартныя артыкулы ў паслугах, — адзначыў Львоўскі. — І калі ўся эканоміка агулам аднаўляецца, то з паслугамі ёсць праблемы”.

“Дзве галоўныя паслугі, якія мы ўвесь час экспартавалі, — гэта транспарт і IT, — нагадаў эканаміст. — Так, Кітай, у прыватнасці, сваю праграму “Адзін пояс — адзін шлях”, а гэта інфраструктурныя інвестыцыі, плануе весці на поўдзень ад Беларусі. Кітай не хвалюе сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, яму галоўнае, каб быў транспартны калідор, а яго цяпер няма. Гэта доўгатэрміновая страта. І нават калі ў нас адновяцца стасункі з Захадам, кітайскія інвестыцыі будуць укладзеныя ў іншым месцы. Хоць у дачыненні да беларускага IT не было санкцый, існуе агульная таксічнасць Беларусі праз саўдзел у вайсковай агрэсіі супраць Украіны”.

Акрамя таго, дадаў Львоўскі, ёсць пытанні па маржынальнасці рынкаў для тавараў дрэваапрацоўкі, нафтахіміі.

“Белстату давяраць можна”

28 лістапада 2022 года Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў важнейшыя параметры прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2023 год, згодна з якімі прырост ВУП запланаваны на ўзроўні 3,8% (па выніках 11 месяцаў, паводле дадзеных Белстата, як раз 3,8%), рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва — 4,1%, інвестыцый у асноўны капітал — 22,3%, экспарту тавараў і паслуг — 5,5% (+4,3% за 10 месяцаў). Інфляцыя запланаваная на ўзроўні 7-8% паводле ўказу і 6% — згодна з агучанымі ўрадам планамі (4,93% за 11 месяцаў).

На думку Львоўскага, звесткам Нацыянальнага статыстычнага камітэта “давяраць можна”, бо ён “яшчэ ні разу не быў злоўлены на адкрытым падмане”.

“Калі лічбы чымсьці не задавальняюць, Белстат проста іх закрывае, а не выдумае. А што тычыцца бравурных прамоваў чыноўнікаў, то гэта іншая справа. Выходзіць, да прыкладу, новая справаздача статыстыкаў, дзе сто лічбаў, яны выбіраюць пару з іх і пачынаюць усюды іх паўтараць і ствараць уражанне, што ўсё выдатна”, — адзначыў эксперт.

Гл. таксама па тэме:

Урад дазволіў без узгаднення павышаць цэны на 0,3% у месяц

Падзяліцца: