be
Arrow
Мінск 19:08

У Беларусь прыбыла дэлегацыя так званай “данецкай народнай рэспублікі”

23 жніўня, Позірк. У Беларусь прыбыла дэлегацыя так званай “данецкай народнай рэспублікі” (“ДНР”), вынікае з паведамлення “кіраўніка ўрада” гэтага самаабвешчанага ўтварэння на акупаванай РФ тэрыторыі Украіны Яўгена Сонцава. 

“Найбліжэйшыя дні будзем працаваць у Рэспубліцы Беларусь. Праграма шырокая. Наведаем шэраг вытворчасцей, пазнаёмімся з беларускай прадукцыяй, абмяркуем з калегамі перспектывы супрацоўніцтва. Падрабязнасці — цягам справы”, — напісаў ён у сваім тэлеграм-канале. 

Кіраўнік “ДНР” Дзяніс Пушылін 27 ліпеня 2022 года прыязджаў у Брэст і сустракаўся з прадстаўнікамі мясцовай улады. 

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Пушыліным сёлета 18 красавіка ў Палацы незалежнасці ў Мінску. “Трэба прамысловыя прадпрыемствы адраджаць, сельскую гаспадарку, — сказаў ён кіраўніку самаабвешчанага ўтварэння. — У рэшце людзі там жыць будуць. Гэта 100%. І карміць людзей жа трэба. Таму мы гатовыя аказаць адпаведную дапамогу і падтрымку для таго, каб не чужыя нам людзі там нарэшце перасталі пакутаваць”.

15 чэрвеня пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Круты падпісаў з Пушыліным “пагадненне аб пашырэнні партнёрства”. 

Сепаратысты пры падтрымцы Расіі абвясцілі стварэнне “ДНР” 7 красавіка 2014 года на непадкантрольнай Кіеву частцы Данецкай вобласці Украіны. 

30 верасня 2022 года Уладзімір Пуцін падпісаў “дакументы” аб уваходжанні ў склад РФ так званых “данецкай і луганскай народных рэспублік”, а таксама “Запарожскай і Херсонскай абласцей”. За некалькі дзён да гэтага на часова акупаваных украінскіх тэрыторыях пад кантролем расійскіх вайскоўцаў прайшлі адпаведныя “рэферэндумы”. 

На пачатку гэтага года Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі дэ-факта прызнаў сепаратысцкія ўтварэнні “ДНР” і “ЛНР”. 6 студзеня на сайце верхняй палаты беларускага парламента з’явіўся прэс-рэліз, з якога вынікала, што член СР НС Дзмітрый Баскаў “узяў удзел у акцыі фонду [паралімпійца] Аляксея Талая па арганізацыі знаходжання школьнікаў з Данецкай і Луганскай рэспублік у Мінску ў перыяд зімовых школьных канікулаў “. 

Разам з тым дэ-юрэ беларускія ўлады не прызналі незалежнасць “ДНР” і “ЛНР”, роўна як іх “далучэнне” да Расіі пасля “рэферэндумаў”, пры гэтым афіцыйны Мінск ухваляе агрэсію РФ супраць Украіны. 

Прадстаўнікі афіцыйнага Мінска, а таксама Беларускага Чырвонага Крыжа займаюцца вывазам дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны — “на аздараўленне”. У сувязі з гэтым дэмакратычныя сілы дамагаюцца выдачы Міжнародным крымінальным судом у Гаазе ордара на арышт Аляксандра Лукашэнкі, як гэта было зроблена ў дачыненні да Пуціна і дзіцячага амбудсмэна Марыі Львовай-Бяловай.

Падзяліцца: