Мінск 20:15

КДБ унёс у спіс “тэрарыстаў” яшчэ трох чалавек

Будынак КДБ у Мінску

Ілюстратыўнае фота: Віктар Талочка, “Спутник”

Будынак КДБ у Мінску
Ілюстратыўнае фота: Віктар Талочка, "Спутник"

8 студзеня, Позірк. Камітэт дзяржаўнай бяспекі ўнёс у пералік “арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці”, яшчэ трох чалавек, сведчыць абноўлены дакумент на сайце ведамства.

Сярод іх асуджаны паводле арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) і 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) Крымінальнага кодэкса Дзмітрый Гулін, асуджаны паводле арт. 130 Павел Яраш і абвінавачаны паводле таго ж артыкула палітвязень Аляксандр Баравік.

Закрыты судовы працэс над Гуліным праходзіў у Мінскім гарадскім судзе ў верасні 2023 года. Вынікі праваабаронцам невядомыя, аднак у справе былога вайсковага тапографа, які абвінавачваўся ў працы на ўкраінскія спецслужбы, было шэсць артыкулаў КК: ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве), ч. 2 арт. 366 (гвалт або пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак), ч. 1 арт. 130, ч. 2 арт. 368 (абраза прэзідэнта), ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта), ч. 3 арт. 361. Пра затрыманне Гуліна стала вядома ў кастрычніку 2022 года з прапагандысцкага тэлесюжэту.

Падставай для ўнясення ў пералік Яраша значыцца прыгавор суда, які ўступіў у законную сілу, аб прызнанні вінаватым ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 130 КК, а прызнанага палітвязнем Алескандра Баравіка — абвінавачанні паводле таго ж артыкула.

Пры гэтым Аляксандр Баравік, паводле звестак праваабарончага цэнтра “Вясна”, прыгавораны 15 траўня 2023 года судом Кастрычніцкага раёна паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) да аднаго года пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штрафу ў памеры 50 базавых велічыняў. Такім чынам, абвінавачанні паводле арт. 130, верагодна, былі вылучаныя ў ягоны адрас падчас адбывання пакарання.

Цяпер у “спісе тэрарыстаў” 1.166 чалавек, з іх 407 — беларусы, і 1.175 пазіцый (у сувязі з тым, што 9 чалавек былі раней выдалены са спісу).

Зняволеным, абвешчаным тэрарыстамі, забаронена атрымліваць грашовыя пераводы.

Падзяліцца: