Гарбунова стала лаўрэатам Міжнароднай жаночай прэміі за адвагу, якую ўручае Дзярждэп ЗША

1 сакавіка, Позірк. Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова стала лаўрэатам Міжнароднай жаночай прэміі за адвагу (IWOC), вынікае з паведамлення заснавальніка гэтай узнагароды — Дзяржаўнага дэпартамента ЗША.
Амерыканскае знешнепалітычнае ведамства адзначыла, што Гарбунова — беларуская праваабаронца, якая “прысвяціла сваё жыццё абароне правоў жанчын, дзяцей, ЛГБТКІ+ і іншых маргіналізаваных груп у Беларусі”.
“Пасля фальсіфікацыі выбараў 2020 года ў Беларусі спадарыня Гарбунова была заключаная ў турму рэжымам [Аляксандра] Лукашэнкі пасля арганізацыі жаночых маршаў і, знаходзячыся ў турме, падверглася псіхалагічным катаванням з боку ўладаў і пагрозам смерці за дапамогу жанчынам, якія падвергліся гвалту, — гаворыцца ў паведамленні. — Пасля вызвалення спадарыня Гарбунова ўцякла з Беларусі, баючыся працягу рэпрэсій, і ў выгнанні ў Літве далучылася да кабінета Святланы Ціханоўскай, лідара беларускага дэмакратычнага руху”.
Дзярждэп звярнуў увагу на тое, што мандат Гарбуновай як прадстаўніцы АПК па сацыяльных пытаннях “уключае ў сябе барацьбу за вызваленне палітычных зняволеных, аказанне падтрымкі былым палітвязням і іх сем’ям, а таксама садзейнічанне псіхасацыяльнай падтрымцы беларускай супольнасці ў выгнанні”.
“Як былая кіраўніца няўрадавай арганізацыі “Радзіслава”, якая ў выніку была закрытая рэжымам Лукашэнкі, спадарыня Гарбунова была наватарам у справе падтрымкі ахвяр хатняга гвалту і на працягу дваццаці гадоў кіравала адным з нешматлікіх у Беларусі прытулкаў для дзяцей і жанчын”, — адзначае Дзярждэп.
Акрамя Гарбуновай да ўзнагароды сёлета прадстаўленыя жанчыны з Афганістана, Бангладэш, Босніі і Герцагавіны, Гамбіі, Ірана, Кубы, Марока, М’янмы, Уганды, Эквадора і Японіі.
Лаўрэатаў узнагародзяць 4 сакавіка дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен і першая лэдзі Джыл Байдэн. Цырымонія будзе транслявацца ў жывым эфіры на сайтах Белага дома і Дзярждэпа.
Пасля ўзнагароджання лаўрэаты возьмуць удзел у вочнай праграме International Visitor Leadership Program і дадатковых праграмах у Лос-Анджэлесе, падчас якіх яны разам з амерыканскімі калегамі абмяркуюць “стратэгіі і ідэі па пашырэнні правоў і магчымасцяў жанчын і дзяўчынак ва ўсім свеце”.
Амерыканскае знешнепалітычнае ведамства з 2007 года ўручае гэтую прэмію “жанчынам з усяго свету, якія прадэманстравалі выключную мужнасць, сілу і лідарства ў адстойванні міру, справядлівасці, правоў чалавека, гендэрнай роўнасці і раўнапраўя, а таксама пашырэння правоў і магчымасцяў жанчын і дзяўчынак ва ўсёй іх разнастайнасці — часта з вялікай рызыкай і самаахвяраваннем”.
За амаль 20-гадовую гісторыю прэміі да ўзнагароды было прадстаўлена больш як 190 жанчын з 90 краін. Кандыдатуры вылучаюць дыпламатычныя прадстаўніцтвы ЗША за мяжой, фіналістак адбіраюць і ухваляюць высокапастаўленыя чыноўнікі Дзярждэпа.

- Грамадства
- Грамадства
- ГрамадстваУ Нацыянальнай бібліятэцы не ведаюць тэрытарыяльную прыналежнасць Турава, адкуль, на думку Лукашэнкі, карані беларусаў (фотафакт)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ЭканомікаНягледзячы на намаганні ўладаў па прыцягненні працоўных мігрантаў, колькасць вакансій для замежнікаў расце — даныя дзяржслужбы занятасці (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Навіны Германіі, ЭканомікаУ 2025 годзе ў Германіі афіцыйна было працаўладкавана 12,5 тыс. беларускіх грамадзян, кожны пяты — па дэфіцытнай спецыяльнасціМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- ГрамадстваПлошча пажараў у экасістэмах Гомельскай вобласці за апошнія паўтара месяца амаль у 2 разы перавысіла паказчык за ўсё першае паўгоддзеМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка


