Мінск 13:05

Студэнты ў Беларусі і РФ вывучаюць па адзіным падручніку гісторыю Саюзнай дзяржавы

Крыніца: hist.msu.ru

5 сакавіка, Позірк. Студэнты некаторых расійскіх і беларускіх ВНУ з пачатку навучальнага года вывучаюць гісторыю Саюзнай дзяржавы па падручніку, які выдадзены пры падтрымцы Федэральнага агенцтва РФ па справах нацыянальнасцяў, паведамляе “Расійская газета”.

Падручнік складзены пры ўдзеле гістарычнага факультэта Маскоўскага дзяржуніверсітэта імя Ламаносава, Інстытута гісторыі НАН Беларусі, гістарычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, Акадэміі кіравання і “Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расіі”, удакладняе выданне.

З’яўленню расійска-беларускага падручніка для вышэйшай школы “Гісторыя Саюзнай дзяржавы”, як паведамляецца, “папярэднічаў выхад улетку 2023 года таксама сумеснага ўнікальнага па фактуры навучальнага дапаможніка “Гісторыя беларускіх зямель і беларускай дзяржавы. Кароткі нарыс. Матэрыялы да лекцыйнага курсу”.

Сёння абодва навучальныя дапаможнікі “паспяхова праходзяць апрабацыю ў ВНУ Расіі і Беларусі”, у БДУ навучальныя дапаможнікі “рэкамендаваныя пры засваенні курсаў” “Улада і грамадства ў Беларусі ў новы і найноўшы час”, “Мадэрнізацыйныя працэсы ў Беларусі”, а таксама “выкарыстоўваюцца ў выкладанні” ў рамках першай міжнароднай расійска-беларускай магістарскай праграмы МДУ імя Ламаносава і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта “Гісторыя беларускай дыяспары”.

Амбасадар РФ у Мінску Барыс Грызлоў паведаміў 1 лютага аб стварэнні адзіных падручнікаў па гісторыі для школ і ВНУ для Беларусі і Расіі: “Важна, што мы дамовіліся аб тым, што ў нас будуць адзіныя падручнікі па гісторыі як для школ, так і для ВНУ”.

Намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай 3 кастрычніка 2023 года ў Мінску на форуме “Расія і Беларусь: агульная гісторыя, агульны лёс” паведаміў, што ў 2024 годзе плануецца распрацаваць дапаможнік па “агульнай гісторыі Саюзнай дзяржавы” для навучэнцаў беларускіх і расійскіх устаноў сярэдняй адукацыі.

Паводле яго слоў, ужо распрацаваны дапаможнік “Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны”, ён стаў першым у серыі “Расія і Беларусь: старонкі агульнай гісторыі”.

Падзяліцца: