Мінск 11:07

У СНД з ініцыятывы Расіі плануюць прыняць дакумент аб правах журналістаў

Затрыманне журналістаў у цэнтры Мінска летам 2020 года
Фота: tut.by / Вадзім Заміроўскі

19 сакавіка, Позірк. У Садружнасці Незалежных Дзяржаў плануецца прыняць дакумент аб забеспячэнні правоў журналістаў, вынікае з паведамлення Выканкама СНД.

Прэс-служба арганізацыі 19 сакавіка адсправаздачыла пра пасяджэнне экспертнай групы па ўзгадненні гэтага дакумента, якое прайшло ў Мінску. На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана, а таксама самога Выканкама СНД.

Падрыхтоўку дакумента ініцыявала РФ, удзельнікі пасяджэння “вырашылі працягнуць працу” над тэкстам праекта.

З 2020 года ў Беларусі працягваюцца пераследы прадстаўнікоў СМІ і блогераў. Большасць незалежных медыя пазбаўленая магчымасці працаваць у краіне, іх дзейнасць, а таксама любая супраца з імі дэ-факта крыміналізаваныя пад выглядам “барацьбы з экстрэмізмам”.

Паводле даных Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), у няволі знаходзяцца 34 прадстаўнікі медыя.

Незалежныя медыі зазнаюць прагрэсавальны ціск і абмежаванні з боку дзяржавы, адзначаецца ў справаздачы “СМІ ў Беларусі ў 2023 годзе”, апублікаванай БАЖ 31 студзеня.

“На працягу года “экстрэмісцкімі фарміраваннямі” былі прызнаныя 10 незалежных СМІ (удвая больш, чым летась), а таксама [сам] БАЖ. 33 асуджаныя работнікі СМІ былі ўключаны ў афіцыйны спіс “экстрэмістаў” і 12 — у спіс “тэрарыстаў”, — гаворыцца ў дакуменце.

Падзяліцца: