Мінск 23:10

Дыпламатаў краін ЕС заклікалі падтрымаць праект “пашпарта новай Беларусі”

Фота: "Позірк"

23 сакавіка, Позірк. З заклікам падтрымаць праект “пашпарта новай Беларусі” звярнулася дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на сустрэчы з дыпламатамі 16 дзяржаў Еўрапейскага саюза.

Прэс-служба палітыка паведаміла, што сустрэча адбылася 22 сакавіка ў Вільнюсе. Офіс Ціханоўскай наведала дэлегацыя на чале са спецыяльным пасланнікам Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў па пытаннях Усходняга партнёрства (УП), экс-прадстаўніком ЕС у Беларусі Дзіркам Шубелем. У яе таксама ўвайшлі прадстаўнікі Бельгіі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Іспаніі, Ірландыі, Італіі, Латвіі, Літвы, Нідэрдандаў, Румыніі, Польшчы, Фінляндыі, Францыі, Чэхіі і Эстоніі.

Дэмлідар заклікала дыпламатаў “пашырыць практыку выдачы віз” беларусам, спрасціць умовы іх атрымання, як і працэдуры легалізацыі ў краінах ЕС — паводле прыкладу Польшчы і Літвы, адкрываць стыпендыяльныя праграмы і абмены для беларусаў. Акрамя таго, палітык папрасіла прызначыць сваіх спецпасланнікаў па сувязях з дэмакратычнай Беларуссю, уключыць яе прадстаўнікоў у праграмы УП, аказваць падтрымку незалежным медыя і рэпрэсаваным.

Галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка паведаміў “Позірку”, што палітык правяла перамовы з кіраўніком камітэта па замежных справах Сейма Польшчы Паўлам Ковалем. Яны абмеркавалі падтрымку тэлеканала “Белсат”, іншых незалежных СМІ, грамадскіх ініцыятыў, а таксама пытанне выдачы беларусам віз і сітуацыю з палітвязнямі.

Коваль запэўніў суразмоўцу “ў падтрымцы польскім парламентам дэмакратычных сіл Беларусі”.

На сустрэчы з кіраўніком Генеральнага дырэктарата Еўракамісіі па пытаннях пашырэння і палітыцы добрасуседства Гертам Янам Каапманам Ціханоўская таксама ўзняла пытанне падтрымкі незалежных СМІ, якое сёння “стаіць надзвычай востра”. Палітык звярнула ўвагу, што сёлета многія медыя сутыкнуліся з праблемай фінансавання, ім неабходная тэрміновая падтрымка.

Вячорка паведаміў, што ў красавіку плануецца правесці ў Бруселі “шырокую сустрэчу” па пытаннях падтрымкі грамадзянскай супольнасці Беларусі.

АПК заявіў аб стварэнні органа, які будзе выдаваць "пашпарты новай Беларусі"

20 сакавіка, Позірк. Завяршаецца праца па стварэнні пашпартнага цэнтра і фарміраванні "каманды прафесіяналаў", якая будзе забяспечваць яго аперацыйную дзейнасць і выкананне міжнародных стандартаў для "пашпарта новай Беларусі", паведаміў 20 сакавіка Аб'яднаны пераходны кабінет (АПК). "Ужо пяць месяцаў мы шукаем кандыдата …
Падзяліцца: