Мінск 13:11

Лукашэнка зацвердзіў папраўкі ў закон “Аб крэдытных гісторыях”, накіраваныя на барацьбу з махлярствам

Ілюстрацыйнае фота: priorbank.by

1 красавіка, Позірк. Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў папраўкі ў закон “Аб крэдытных гісторыях”, паведамляе яго прэс-служба.

У адпаведнасці з прынятымі зменамі, пашыраюцца “крыніцы фарміравання крэдытных гісторый” за кошт юрыдычных асоб, якія рэалізуюць тавары, работы, паслугі на ўмовах адтэрміноўкі або растэрміноўкі аплаты. Пры гэтым у фізічных асоб з’яўляецца магчымасць забараняць прадастаўленне крэдытнай справаздачы.

Дакумент замацоўвае “выключна мэтавае выкарыстанне ” крэдытных справаздач для “нівелявання рызык злоўжывання звесткамі, якія змяшчаюцца ў іх”.

Таксама папраўкі павялічваюць з аднаго да двух колькасць крэдытных справаздач, якія прадстаўляюцца Нацбанкам суб’екту крэдытнай гісторыі без выплаты ўзнагароджання.

Палажэнні закона, сцвярджаецца ў паведамленні прэс-службы Лукашэнкі, “накіраваныя на павышэнне ўзроўню абароненасці суб’ектаў крэдытнай гісторыі ад махлярскіх дзеянняў, а таксама на прадухіленне нядобрасумленнага выкарыстання крэдытных справаздач карыстальнікамі крэдытных гісторый”.

Падзяліцца: