Мінск 21:30

У Беларусі няма і не будзе неабходнасці ўступаць у вайну, сцвярджае Лукашэнка

Крыніца: "Пул Першага"

12 красавіка, Позірк. У Беларусі няма неабходнасці ўступлення ў расійска-ўкраінскую вайну, заявіў 12 красавіка ў Маскве Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў.

“Такой неабходнасці няма, — цытуе яго прэс-служба. — І не будзе такой неабходнасці. Я неяк сказаў напярэдадні, што Расіі цяпер патрэбная такая Беларусь — мірная, ціхая, спакойная, якая робіць сваю справу. Я ж не адмаўляюся, што мы суагрэсары. Кожны робіць сваю справу”.

Ён звярнуў увагу, што да ўступлення Беларусі ў вайну часам заклікаюць “ура-патрыёты ў Расіі, як іх называюць”, і заявіў, што “гэта на карысць НАТО”. “Гэта яны хочуць і робяць усё, каб нас уцягнуць у вайну з Украінай”, — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, калі гэта адбудзецца, то “працягласць фронту” за кошт мяжы Беларусі з Украінай, Польшчай і краінамі Балтыі павялічыцца на “тысячы кіламетраў”: “Нам з вамі прыйдзецца гэты фронт закрыць, калі мы ўступім у вайну. Мы зможам гэта зрабіць? Не зможам. Гэта я вам кажу: не зможам. Мы хочам сабе праблем? Не хочам. Гэта па-другое. Па-першае — можа быць, Украіне гэтак жа, як сёння Расіі, спатрэбіцца такая Беларусь”.

Лукашэнка сцвярджае, што калі б Беларусь уступіла ў вайну, “гэта б нічога не дало”, бо ва Украіны “мяжа з Беларуссю забарыкадаваная так, што туды не падысці — яна замініраваная цалкам, забетанаваная і 120 тыс. украінскіх вайскоўцаў на гэтай мяжы”.

Паведамленні аб адпраўцы ва Украіне французскіх вайскоўцаў, на думку Лукашэнкі, з’яўляюцца спробай запалохаць яго і прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна.

Паводле яго слоў, магчымасць уступлення Беларусі ў вайну “ніколі нават не абмяркоўвалася”.

Падзяліцца: