Мінск 10:18

У Бярозаўскім раёне на пажары загінулі чацвёра малалетніх дзяцей

Скрыншот: СК

14 красавіка, Позірк. Чацвёра малалетніх дзяцей загінулі на пажары вёсцы Ястрабель Бярозаўскага раёна (Брэсцкая вобласць), паведамляе тэлеграм-канал камісіі па справах непаўналетніх Гомельскага гарвыканкама “Тэрыторыя супрацоўніцтва”.

Узгаранне адбылося 14 красавіка днём у жылым доме, дзе пражывала шматдзетная сям’я.

Адзначаецца, што ўсяго ў сям’і выхоўвалася пяцёра дзяцей 2018–2024 гадоў нараджэння, да прыбыцця на месца пажару супрацоўнікаў МНС “дом самастойна пакінула дзяўчынка 2020 г.н.”.

Паведамляецца, што маці дзяцей шпіталізаваная з апёкамі.

Следчы камітэт пацвердзіў гібель дзяцей, удакладніўшы, што яны былі ва ўзросце ад 2 месяцаў да 6 гадоў.

На месцы здарэння працуе следчая група, паведаміла ведамства.

“Папярэдне ўстаноўлена, што шматдзетная сям’я па месцы жыхарства характарызуецца станоўча”, — гаворыцца ў рэлізе ведамства.

Узбуджаная крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 304 КК (парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека).

“Усе абставіны, а таксама прычыны і ўмовы, якія спрыялі трагедыі, будуць устаноўленыя падчас следства”, — заявілі ў СК.

Паводле звестак МНС на раніцу 14 красавіка, з пачатку года агонь забраў 195 жыццяў (на 16,1% больш, чым за той жа перыяд 2023-га).

За мінулыя суткі ў Беларусі адбылося 18 пажараў, з пачатку года — 1.678 (+10%). У 2024 годзе агонь траўмаваў 160 чалавек (+13,5%).

Паводле статыстыкі ведамства, на раніцу 14 красавіка ў 2024 годзе на пажарах загінула адно дзіця (летась ніводнага).

30 студзеня кіраўнік МНС Вадзім Сіняўскі на пасяджэнні калегіі ведамства заявіў, што адзін з галоўных вынікаў дзейнасці Міністэрства па надзвычайных сітуацыях у 2023 годзе — зніжэнне колькасці пажараў і гібелі людзей ад іх.

Паводле яго слоў, “год быў добрым <…> па ўсіх пазіцыях”, дасягненнем ён назваў “станоўчую дынаміку ў частцы скарачэння колькасці надзвычайных сітуацый”, у тым ліку “пажараў, а таксама гібелі людзей ад іх”.

Дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч заявіў, што МНС “з усімі пастаўленымі задачамі справілася” і назваў яго калектыў “падрыхтаваным у прафесійным, маральным плане”.

“Гэта дзяржаўныя людзі, якія бачаць перад сабой праблемы, якія трэба вырашаць, і нацэленыя на вырашэнне гэтых праблем”, — дадаў ён.

Заявы аб скарачэнні колькасці пажараў у мінулым годзе прагучалі на фоне іх росту ў 2024-м.

Падзяліцца: