Мінск 19:42

МАЗ у красавіку прадаў у РФ на 10% менш новых грузавікоў, чым год таму

Ілюстрацыйнае фота: minsk.deal.by

15 траўня, Позірк. У красавіку на расійскім рынку было прададзена 524 новыя грузавікі Мінскага аўтамабільнага завода — на 9,8% менш, чым у тым жа месяцы 2023-га (581), гаворыцца ў даследаванні “АСМ-холдынг” (РФ).

За першую траціну года беларускае прадпрыемства рэалізавала 1.878 адзінак гэтай тэхнікі (2.000; -6,1%).

Прадукцыя Мінскага аўтазавода ў мінулым месяцы заняла 7-е месца ў спісе самых прадаваных брэндаў гэтага сегмента аўтарынку Расіі, канстатавалі эксперты. Доля на рынку склала 4,7%.

У пяцёрку лідараў продажаў увайшлі чатыры кітайскія і адзін расійскі вытворца: SITRAK (1.395; -32,8% да ўзроўню продажаў у красавіку 2023-га), КамАЗ (2.164; -30,2%), Shaanxi (1.324; -14,1 %), FAW (1.182; +9,3%) і Dongfeng (789; рост у 3,6 разы).

Аніводная мадэль беларускага завода не трапіла ў дваццатку самых папулярных на рынку РФ.

У 2023 годзе МАЗ прадаў 6.406 новых грузавікоў — на 45,9% больш, чым за 2022-ы (4.391).

На нарадзе па развіцці прамысловасці 9 красавіка 2024 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што “айчынная прадукцыя саступае аналагам як у цане, так і ў якасці” “Доля нашых грузавых аўтамабіляў [на расійскім рынку] знізілася — да 6%”, — звярнуў увагу ён.

Лукашэнка таксама адзначыў, што пры рэалізацыі ў РФ па схеме “вытворца — генеральны імпарцёр — дыстрыбутар — дылер — канчатковы спажывец” кошт грузавой і пасажырскай тэхнікі МАЗа ўзрастае — на 20%.

15 чэрвеня 2023 года першы віцэ-прэм’ер Беларусі Мікалай Снапкоў заявіў, што рынак аўтатэхнікі Саюзнай дзяржавы “мае патрэбу ў аператыўным прыняцці адмысловых ахоўных захадаў праз актыўную экспансію кітайскіх вытворцаў”.

“Гаворка не проста пра падвышэнне імпартных пошлін, тут поля для манеўру амаль няма. Я маю на ўвазе антыдэмпінгавыя і спецабаронныя захады”, — сказаў Снапкоў.

Паводле яго слоў, экспансія ўсходніх партнёраў на беларускім і расійскім рынках аўтамабільнай грузавой тэхнікі “відавочная”, а дынаміка іх продажаў “палохае”.

Падзяліцца: