Мінск 08:38

На абмеркаванне вынесены праект пастановы Савета міністраў, які абмяжоўвае працу прадпрымальнікаў

Ілюстрацыйнае фота: "Радыё Свабода" / "Настоящее время"

15 траўня, Позірк. Грамадскае абмеркаванне праекта пастановы Савета міністраў “Аб прадпрымальніцкай дзейнасці” праходзіць 15–25 траўня на прававым форуме, паведамляе Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.

Дакумент, падрыхтаваны Міністэрствам эканомікі, зацвярджае палажэнне “аб парадку фармавання і вядзення рэестра суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва”. Ён вызначае пералік відаў дзейнасці, дазволеных для ажыццяўлення “ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка”, “у якасці самастойнай прафесійнай дзейнасці”, а таксама пералік відаў рамеснай дзейнасці.

Сярод іншага з праекта пастановы вынікае, што індывідуальныя прадпрымальнікі не змогуць здзяйсняць аптовы гандаль, займацца медыцынскай практыкай, у тым ліку стаматалагічнай. Ім дазваляецца весці раздробны гандаль “іншымі транспартнымі сродкамі”, але не аўтамабілямі і матацыкламі.

Дакументам прапанавана вызначыць 81 від самастойнай прафесійнай дзейнасці, да якой могуць быць аднесеныя рэпетытарства, распрацоўка сайтаў, цырульныя, касметычныя паслугі, паслугі па манікюры і педыкюры, продаж самастойна вырашчаных кветак, дэкаратыўных раслін, насення і расады, жывёл (акрамя кацянят і шчанюкоў), вырабленых хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, гатовай кулінарнай прадукцыі.

Да пералікаў рамеснай дзейнасці дакумент адносіць кавальскую справу; выраб пражы; мастацкую апрацоўку і роспіс вырабаў заказчыка (з дрэва, каменя, косці, рогі, металу, бляхі, шкла, керамікі, фанеры); выраб і рамонт цэлага шэрагу прадметаў — ад пячной кафлі да нацыянальных музычных інструментаў.

Мінэканомікі ў фінансава-эканамічным абгрунтаванні таго, чаму неабходна прыняць гэтую пастанову, не прыводзіць ніякіх лічбаў. Ведамства не паведамляе, як зменяцца даходы рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, у дакуменце “не вызначана” змяненне велічыні даходаў бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва ды інш.

Адзначаецца, што прапанаваныя для фізічных асоб віды дзейнасці “могуць пацягнуць неабходнасць для часткі грамадзян выбіраць іншую форму для рэалізацыі прадпрымальніцкай ініцыятывы або адмовіцца ад вядзення сваёй справы з пераходам у статус наёмнага работніка”.

Мінэканомікі прызнала, што “вызначыць кола асоб, у якіх могуць сфармавацца пэўныя адміністрацыйныя выдаткі” ў сувязі з нормамі пастановы, а таксама “аб’ём такіх выдаткаў не ўяўляецца магчымым”.

22 красавіка Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці. Дакумент вызгначае “абноўленую архітэктуру прадпрымальніцтва”, якая прадугледжвае “дзве катэгорыі, якія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю: юрыдычныя і фізічныя асобы”.

Да юрыдычных асоб аднесены малыя арганізацыі з колькасцю працуючых да 100 чалавек, сярэднія — да 250 і буйныя — звыш 250, да фізічных асоб — рамеснікі, уладальнікі аграэкасядзіб, самазанятыя, індывідуальныя прадпрымальнікі.

Віды дзейнасці, якія змогуць ажыццяўляць індывідуальныя прадпрымальнікі, урад павінен вызначыць да 1 ліпеня. Па відах дзейнасці, якія не ўвойдуць у запланаваны пералік, з 1 кастрычніка спыняецца рэгістрацыя новых індывідуальных прадпрымальнікаў.

Таксама ўсталёўваецца абавязак пераходу да 1 студзеня 2026 года дзейных індывідуальных прадпрымальнікаў у юрыдычныя асобы.

Міністр эканомікі Юрый Чабатар, каментуючы закон, назваў галоўнай мэтай дакумента стварэнне дадатковых стымулаў для таго, каб малы бізнэс “узбуйняўся”.

Кіраўнік ведамства назваў тры перавагі новага закона: магчымасць перарэгістрацыі ІП у юрыдычную асобу за адзін дзень, захаванне для такіх юрыдычных асоб спрошчанага адміністравання і дадатковыя меры фінансавай падтрымкі малога бізнесу. Чыноўнік пакінуў без каментарыю негатыўныя бакі новага дакумента.

Падзяліцца: