Мінск 05:46

Пуцін прапанаваў Беларусі далучыцца да стварэння касмічнай станцыі, сцвярджае Лукашэнка

Крыніца: pixabay.com

29 траўня, Позірк. У Беларусі і Расіі ёсць дамоўленасці “па далейшым сумесным удзеле ў асваенні космасу”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 29 траўня падчас наведвання аршанскага завода “Легмаш” (Віцебская вобласць).

Паводле яго слоў, якія перадае прэс-служба, расійскі бок “можа ўключыць прадстаўнікоў Беларусі ў лік касманаўтаў, якія будуць праходзіць ужо не паскораную падрыхтоўку, а пастаянную з доўгатэрміновымі задачамі і праграмай”.

“Мы з [прэзідэнтам РФ Уладзімірам] Пуціным дамовіліся. Калі ласка, ён кажа, у лік касманаўтаў мы гатовыя ўключыць, — сказаў Лукашэнка. — Калі хтосьці хоча — калі ласка. Мы дамовіліся з расіянамі — па конкурсе. Пройдзеце конкурс — будзеце ў групе касманаўтаў рыхтавацца. Гэта цяжкая праца, з вялікай рызыкай. Але, вядома, папулярная”.

Гаворачы аб планах РФ пабудаваць сваю арбітальную станцыю, ён адзначыў: “Расіяне пачынаюць будаваць, мне Пуцін пра гэта сказаў, сваю касмічную станцыю. Цяпер яна міжнародная, куды ляцела наша касманаўт. А яны будуць будаваць сваю. Прэзідэнт Расіі сказаў: калі хочаш, далучайся, будзем разам рабіць. Наколькі гэта магчыма. Падумаць. Калі нашы разумныя людзі вырашацца на гэта, будзем удзельнічаць. Але і гэта для нас не галоўнае. Нам трэба свой сектар захаваць”.

Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, “яшчэ з савецкіх часоў” Беларусь мае “сваю нішу ў касмічнай галіне”.

“Мы вырабляем шмат для космасу, асабліва цяпер, — удакладніў ён. — Пачынаючы ад мікраэлектронікі, чыпаў, дапамагаючы нашай касманаўтыцы, якая засталася ў Расіі. У савецкія часы мы многае рабілі, пачынаючы ад прыбораў да ашалёўкі касмічных лятальных апаратаў. Мы рабілі і робім добрыя касмічныя спадарожнікі дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, спадарожнікі сувязі можам рабіць і гэтак далей. Гэта наша ніша. Мы ў гэтым кірунку працуем і будзем працаваць”.

11 красавіка Лукашэнка прысвоіў званне “Герой Беларусі” Марыне Васілеўскай, якая пабывала ў космасе ў складзе сфармаванага РФ экіпажа і ў рамках расійскай праграмы.

Васілеўская адправілася на Міжнародную касмічную станцыю 23 сакавіка — разам з камандзірам экіпажа Алегам Навіцкім (РФ, ураджэнец Беларусі) і астранаўткай НАСА Трэйсі Дайсан (ЗША).

Беларуска і Навіцкі прабылі на арбіце 14 сутак (з іх 12 на Міжнароднай касмічнай станцыі) і вярнуліся на зямлю 6 красавіка.

Бортправадніца авіякампаніі “Белавія” Васілеўская была прызначаная членам экспедыцыі наведвання касмічнай станцыі 29 траўня 2023 года. Яе дублёрам стала дзіцячы хірург Анастасія Лянкова. Усяго ад Беларусі на палёт у космас прэтэндавала шэсць жанчын.

Беларусь не будзе лішняй у касмічнай праграме Расіі — Лукашэнка

12 красавіка, Позірк. Беларусь і Расія будуць разам асвойваць космас, заявіў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы 12 красавіка ў Маскве на пытанні журналістаў. "Мы будзем не лішнімі ў праграме касмічнай імперыі Расіі, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Мы вельмі задаволеныя, што …
Падзяліцца: