Мінск 22:31

Мінск не прызнае рашэнні ПА АБСЕ па Беларусі праз нядопуск дэлегацыі на сесію ў Румыніі

Ілюстрацыйнае фота: OSCE PA / flickr.com

29 чэрвеня, Позірк. Адмовіўшы дэлегацыі Нацыянальнага сходу Беларусі ва ўездзе ў Румынію, афіцыйны Бухарэст наўмысна сарваў яе ўдзел у 31-й сесіі Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (ПА АБСЕ), гаворыцца ў апублікаванай 29 чэрвеня заяве дэлегацыі.

Беларускія парламентарыі “вельмі абураныя” рашэннем румынскіх уладаў, прынятым “насуперак усім базавым абавязацельствам і прынцыпам АБСЕ”.

У дакуменце адзначана, што Беларусь актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці ПА АБСЕ, у 2017 годзе “паспяхова правяла” 26-ю сесію, “якая стала самай прадстаўнічай у гісторыі асамблеі”.

“Парламенцкая асамблея АБСЕ заклікана быць пляцоўкай для адкрытага, інклюзіўнага дыялогу, каштоўнасць якога асабліва ўзрастае ва ўмовах цяперашняга абвастрэння знешнепалітычнай канфрантацыі, — гаворыцца ў заяве. — Нядопуск парламенцкай дэлегацыі Беларусі на сесію ПА АБСЕ ў Бухарэсце з’яўляецца прыкладам адкрытай прадузятасці і дыскрымінацыі”.

“Падходы, якія пазбаўляюць паўнапраўных членаў магчымасці прадстаўляць свае нацыянальныя пазіцыі, падрываюць міжнародны аўтарытэт і асновы самой арганізацыі. У сувязі з гэтым беларускі бок не прызнае рашэнні, якія могуць быць прынятыя падчас сесіі ў дачыненні да Беларусі, у сувязі з адмовай краінай, якая прымае асамблею, ва ўездзе на яе тэрыторыю”, — падкрэслена ў дакуменце.

У той жа час парламентарыі адзначылі, што Беларусь па-ранейшаму “цалкам падтрымлівае намаганні, скіраваныя на захаванне дыялогу паміж дзяржавамі — членамі АБСЕ і выпрацоўку палітычных рашэнняў у мэтах умацавання” агульнай бяспекі.

Пра рашэнне Бухарэста было вядома яшчэ два тыдні таму, аднак беларуская дэлегацыя вырашыла адрэагаваць на яго толькі ў першы дзень 31-й сесіі (праходзіць 29 чэрвеня — 3 ліпеня).

Прэс-сакратар МЗС Румыніі Раду Філіп 15 чэрвеня заявіў тэлеканалу Antena3, што ўлады прынялі рашэнне “не дапусціць расійскую дэлегацыю да ўдзелу ў штогадовай сесіі ПА АБСЕ”, “гэтая ж мера будзе прыменена і да дэлегацыі Рэспублікі Беларусь”.

Паводле яго слоў, рашэнне грунтуецца на “вядомай і паслядоўнай пазіцыі Румыніі ў дачыненні да РФ у кантэксце працяглай агрэсіўнай вайны супраць Украіны”. “Акрамя таго, некаторыя члены расійскай дэлегацыі ў ПА АБСЕ знаходзяцца пад абмежавальнымі мерамі на ўзроўні ЕС. Гэтае рашэнне тычыцца і Беларусі, якая падтрымлівае вайну, развязаную РФ”, — дадаў прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (ПП НС) Ігар Сергяенка 19 траўня ў эфіры тэлеканала АНТ заявіў, што ніжняя палата беларускага парламента мае намер працаваць з ПА АБСЕ, “даводзіць сваю пазіцыю, выказваць свой пункт гледжання на тыя працэсы, якія сёння адбываюцца ў міжнароднай супольнасці”.

30 красавіка Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу, які не прызнаюць дэмакратычныя краіны, сфармавалі склады дэлегацый “па ажыццяўленні кантактаў з еўрапейскімі парламенцкімі арганізацыямі”, у тым ліку ПА АБСЕ.

На зімовай сесіі ПА АБСЕ на пачатку гэтага года ў Вене дэлегацыя ПП НС зладзіла дэмарш праз удзел у мерапрыемствах беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай. Перад выступам палітыка на пасяджэнні камітэта асамблеі па пытаннях дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаннях 22 лютага прадстаўнікі афіцыйнага Мінска — дэпутат Андрэй Савіных і амбасадар у Аўстрыі, пастаянны прадстаўнік пры АБСЕ Андрэй Дапкюнас — пакінулі залу.

Ціханоўская прапанавала ПА АБСЕ прызначыць спецдакладчыка альбо аднавіць дзейнасць рабочай групы па Беларусі

22 лютага, Позірк. Прызначыць спецыяльнага дакладчыка па Беларусі альбо аднавіць дзейнасць адпаведнай рабочай групы Парламенцкай асамблеі АБСЕ прапанавала беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, выступаючы 22 лютага ў Вене на пасяджэнні трэцяга камітэта па пытаннях дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаннях …
Падзяліцца: