Мінск 18:05

15 ліпеня пачнецца суд па справе экс-супрацоўніц tut.by Лойка, Талкачовай і Ткачэнка

Вольга Лойка
Скрыншот: ютуб-канал ТОК

30 чэрвеня, Позірк. Мінскі гарадскі суд 15 ліпеня пачне разглядаць крымінальную справу ў дачыненні да былых супрацоўніц партала tut.by Вольгі Лойка, Алены Талкачовай і Кацярыны Ткачэнка, вынікае з раскладу пасяджэнняў на сайце электроннага судаводства.

Абвінавачванне прад’яўленае паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы), ч. 2 арт. 243 (у старой рэдакцыі КК — ухіленне ад выплаты падаткаў), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі).

Верагодна, судовы працэс будзе завочным, бо абвінавачаныя знаходзяцца па-за межамі Беларусі.

Весці працэс прызначаная суддзя Валянціна Зянькевіч.

10 красавіка 2023 года паведамлялася, што Мінгарсуд аштрафаваў на 500 базавых велічынь (на той момант 18.500 рублёў) кожнага паручыцеля Талкачовай і Лойкі, якія пакінулі Беларусь.

Паручыцелямі Талкачовай з’яўляліся палітолаг Яўген Прэйгерман і на той момант дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Варанецкі, Лойка — старшыня Рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандр Швец.

Паручыцелі былі выкліканыя ў суд на падставе арт. 134 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса (парадак накладання грашовага спагнання і звароту закладу ў даход дзяржавы). Рашэнні вынесла згаданая Зянькевіч.

17 сакавіка мінулага года яна прыгаварыла галоўрэда tut.by Марыну Золатаву і гендырэктара “ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” Людмілу Чэкіну да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Іншыя абвінавачаныя — рэдактар палітыка-эканамічнага блока Лойка, журналістка Талкачова і юрысконсульт Ткачэнка — на працэс не з’явіліся, бо пасля вызвалення з-пад варты пакінулі краіну. Яны былі абвешчаныя ў вышук.

Чэкінай, Золатавай, Лойка і Талкачовай па справе былі інкрымінаваныя арт. 243, арт. 130, арт. 361 КК. Ткачэнка абвінавачвалі паводле арт. 243 і 342 КК.

У кастрычніку 2022 года Золатаву, Чэкіну, Лойку і Талкачову КДБ унёс у пералік асоб, “датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”.

Усяго па “справе tut.by” было затрымана 15 чалавек. З цягам часу агульная колькасць абвінавачаных скарацілася да пяці (Золатава, Чэкіна, Лойка, Талкачова, Ткачэнка), пазней пад вартай засталося два чалавекі (Золатава і Чэкіна).

Найбуйнейшы недзяржаўны інтэрнэт-партал Беларусі tut.by быў разгромлены ўладамі ў траўні 2021 года. Частка каманды, якая засталася на волі, пакінула краіну і ў ліпені таго ж года стварыла праект zerkalo.io, які ў асноўным працуе ў традыцыях tut.by. У Беларусі і Расіі доступ да сайта заблакаваны. Кантэнт сайта ў Беларусі прызнаны “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.

3 снежня 2020 года Эканамічны суд Мінска пазбавіў партал tut.by статусу СМІ, 14 чэрвеня 2022 года — прызнаў ТАА “ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” “экстрэмісцкай арганізацыяй”.

У чэрвені 2023 Лойка заснавала ў эміграцыі аўтарскі медыяпраект Plan B, які асвятляе падзеі ў Беларусі.

Падзяліцца: