Мінск 05:48

Круты ў Маскве ўсхваляў “чалавека-глыбу” Лукашэнку

Фота: sb.by

2 ліпеня, Позірк. Знешнія сілы “інспіравалі ўжо сем спроб каляровых рэвалюцый” у Беларусі, заявіў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрый Круты 1 ліпеня ў Маскве на ўрачыстым прыёме ў гонар Дня незалежнасці Беларусі.

“Апаненты ніколі не хавалі сваіх мэт па гвалтоўным звяржэнні канстытуцыйнага ладу, адхіленні ад улады прэзідэнта і ўстанаўленні ў Беларусі марыянетачнага рэжыму па вобразу добра вядомых асобных дзяржаў”, — цытуюць Крутога дзяржСМІ.

Паводле яго сцвярджэння, “усе гэтыя спробы праваліліся”.

“Цвёрдая палітычная воля, барацьба з карупцыяй і экстрэмізмам, прынцыповыя адносіны да росту прэстыжу арміі, праваахоўных органаў і спецслужбаў разам з кансалідацыяй грамадства вакол фігуры лідэра, ідэй суверэнітэту і сацыяльнай справядлівасці дазваляюць Беларусі паспяхова ісці наперад”, — лічыць чыноўнік.

Ён знайшоў сімвалізм у тым, што святкаванне Дня Незалежнасці і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў “практычна супадае з 30-гадовым юбілеем прэзідэнцкай улады ў Беларусі”.

Круты назваў Лукашэнку “чалавекам-глыбай, чалавекам-легендай, з імем якога і асацыюецца Беларусь ва ўсім свеце”, адзначыўшы пры гэтым яго “неверагодную сціпласць”.

Чыноўнік выявіў у Лукашэнкі “харызму і несуцішную энергію”, якія, паводле яго слоў, дазволілі “фактычна стварыць новую краіну, захаваць і ўмацаваць яе суверэнітэт і незалежнасць”.

На думку экс-дыпламата, многія “проста мараць пра такога “дыктатара” ў сваіх краінах”.

Рыторыка Крутога пацвярджае высновы аб фармаванні ў Беларусі культу асобы Лукашэнкі, зробленыя аўтарамі сёмага аналітычнага даклада праекта “Беларускі трэкер перамен”, анлайн-прэзентацыя якога адбылася 19 чэрвеня.

У дакуменце зазначаецца, што пасяджэнне ВНС у красавіку “стала апагеем паступовай нармалізацыі культу асобы Аляксандра Лукашэнкі”. Аўтары звяртаюць увагу, што фармат мерапрыемства “максімальна наблізіўся да савецка-кітайскіх узораў правядзення з’ездаў кіруючай партыі і іншых вярхоўных калегіяльных органаў”.

Былы амбасадар у РФ Круты прызначаны на новую пасаду 27 чэрвеня.

Падзяліцца: