Мінск 18:09

Продажы аўтобусаў МАЗ у Расіі знізіліся ў першым паўгоддзі амаль удвая

Фота: сайт адміністрацыі Санкт-Пецярбурга

12 ліпеня, Позірк. У чэрвені 2024 года на расійскім рынку прададзена 12 новых аўтобусаў Мінскага аўтамабільнага завода — на 63,6% менш, чым у тым жа месяцы 2023-га (33), сведчаць звесткі агенцтва “АСМ-холдынг” (РФ).

У першым паўгоддзі рэалізавана 292 адзінкі гэтай тэхнікі (558). Падзенне ўзроўню продажаў у гадавым выражэнні склала 47,7%.

Прадукцыя МАЗ у мінулым месяцы заняла 12-е месца ў спісе самых прадаваных брэндаў гэтага сегмента аўтарынка Расіі, канстатавалі эксперты. Доля на рынку склала 0,8%.

Лідарамі продажаў у чэрвені сталі расійскія ПАЗ (441; -4,1% у гадавым вымярэнні), ЛіАЗ (383; +55,1%) і кітайскі Yutong (234; -31,8%).

За 2023 год беларускім прадпрыемствам рэалізавана 925 адзінак гэтага віду транспарту — на 11,1% менш, чым у 2022-м (1.040). Па выніках 2023-га, як і годам раней, МАЗ заняў 6-е месца ў адпаведным сегменце аўтарынка РФ.

“Усе чулі, у штогадовым пасланні прэзідэнт Расіі анансаваў, што да 2030 года суб’екты федэрацыі павінны атрымаць каля 40 тыс. аўтобусаў, тралейбусаў, трамваяў, электробусаў. Грошы на гэта выдзеленыя. Задача беларускай прамысловасці — падключыцца і забяспечыць не менш за 30% патрэбных аб’ёмаў”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 9 красавіка на нарадзе па развіцці прамысловасці.

Разам з тым ён адзначыў, што “айчынная прадукцыя саступае аналагам як па цане, так і па якасці”.

У сталіцы Татарстана Казані (РФ) 8 ліпеня задыміўся рэйсавы аўтобус Мінскага аўтазавода. Паводле звестак расійскага МНС, інцыдэнт адбыўся на прыпынку грамадскага транспарту “Савінава”, у аўтобуса “перагрэліся тармазныя калодкі”.

Гэта не першы выпадак задымлення або загарання аўтобусаў МАЗ у Расіі.

У Санкт-Пецярбургу 3 студзеня загарэўся аўтобус, выраблены на беларускім прадпрыемстве. Паводле інфармацыі медыя “Фонтанка”, ён належаў кампаніі “Домтрансаўта”.

Паводле звестак расійскіх СМІ, у гэтым горадзе летась загарэлася не менш за 9 аўтобусаў МАЗ. Годам раней зафіксавана 8 падобных выпадкаў.

“У сувязі з наяўнасцю заўваг, якія патэнцыйна могуць прывесці да ўзгарання аўтобусаў, прынята рашэнне аб прыпыненні эксплуатацыі на гарадской маршрутнай сетцы 137 аўтобусаў Мінскага аўтамабільнага завода (МАЗ 203047). Яны паступілі ў Пецярбург па кантрактах 2022 года”, — паведаміла 2 жніўня 2023 года прэс-служба дзяржпрадпрыемства “Пасажыраўтатранс”.

У адказ на запыт віцэ-губернатара Санкт-Пецярбурга Кірыла Палякова ў чэрвені 2022 МАЗ паведаміў, што прычынай узгаранняў можа быць “трапленне алею з сістэмы гідрапрывада вентылятара на гарачыя часткі рухавіка”.

“Ва ўмовах санкцыйнага ціску і парушэння лагістычных ланцужкоў пры пастаўках камплектаў гідрапрывада магла адбыцца замена правераных фланцаў на іншыя, аналагічныя па тэхнічных характарыстыках, але якія не маюць правераных рэферэнцый”, — растлумачыў чыноўнік.

Выпадкі з загараннем аўтобусаў МАЗ фіксаваліся і ў іншых гарадах Расіі, а таксама ў Беларусі.

Наяўнасць праблемы з беларускімі аўтобусамі ўскосна прызнаў Лукашэнка, які заявіў 19 верасня 2023 года на сустрэчы з губернатарам Краснадарскага краю Веніямінам Кандрацьевым, што прычына ўзгаранняў пасажырскага транспарту ў Пецярбургу крыецца ў адсутнасці “якаснага і своечасовага абслугоўвання”. Ён прапанаваў наладзіць тэхабслугоўванне на месцы сіламі беларускіх рамонтнікаў.

Падзяліцца: