Мінск 02:42

Слоган “Купляйце беларускае” стаў нацыянальным брэндам, сцвярджае Лукашэнка

Крыніца: "БелГазета"

28 ліпеня, Позірк. “Цэлае стагоддзе” супрацоўнікі гандлю дапамагаюць “забяспечваць эканамічную бяспеку краіны і сацыяльны дабрабыт насельніцтва”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 28 ліпеня работнікаў і ветэранаў галіны з прафесійным святам і 100-годдзем з дня ўтварэння органаў гэтай сферы ў Беларусі:

“Не спыняючыся на дасягнутым, сёння вы працягваеце дынамічна развівацца: растуць аб’ёмы продажаў, адкрываюцца крамы і аб’екты грамадскага харчавання, з’яўляюцца новыя тавары і паслугі, удасканальваецца якасць абслугоўвання. І за гэтымі дасягненнямі стаяць работнікі гандлю, пісьменныя і адказныя”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Паводле яго слоў, слоганы “Зроблена ў Беларусі” і “Купляйце беларускае” “даўно сталі нацыянальнымі брэндамі”, якімі жыхары краіны “па праву ганарацца”.

“Перакананы, што і ў далейшым вы будзеце захоўваць і прымнажаць лепшыя традыцыі, з гонарам выконваць задачы, якія стаяць перад галіной”, — гаворыцца ў віншаванні.

Колькасць работнікаў сферы гандлю за год зменшылася на 1,1% (з 673,4 тыс. у 2022-м да 666,1 тыс. у 2023-м), сведчыць праведзены Позіркам аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Сярэдні ўзрост работнікаў павялічыўся на 0,3% (з 39,3 да 39,4 года). Доля мужчын сярод занятых у галіне вырасла на 0,8 працэнтнага пункта (з 33,3% да 34,1%), жанчын — знізілася на 0,8 п.п. (з 66,7% да 65,9%).

На 1 студзеня 2024 года ў краіне працавала 59,8 тыс. крам (годам раней — 60,3 тыс.; -500 аб’ектаў; -0,8%), з іх у сельскай мясцовасці — 9,5 тыс. (9,8 тыс.; -300; -3,1%).

Іх агульная гандлёвая плошча складала 6 млн 423,1 тыс. кв. м (6 млн 385,9 тыс.; +0,6%).

На пачатак года функцыянавала 577 гандлёвых цэнтраў (580; -0,5%), у якіх дзейнічала 13,8 тыс. гандлёвых аб’ектаў (14,1 тыс.; -2,1%). На 357 рынках (363; -1,7%) было 46, 6 тыс. гандлёвых месцаў і гандлёвых аб’ектаў (48,2 тыс.; -3,3%).

Паводле даных Белстата, доля продажу тавараў айчыннай вытворчасці ў рознічным тавараабароце арганізацый гандлю (без мікраарганізацый) склала 59,5% (60,9%; -1,4 п.п.).

Аб’ём інтэрнэт-гандлю склаў летась 5,8 млрд рублёў (3,8 млрд; +52,6%).

24 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў заявіў, што “традыцыйна сфера гандлю трымае другое месца па ўкладу ў ВУП рэспублікі, забяспечваючы практычна 10-працэнтную долю”.

“Нягледзячы на ўсе складанасці, якія ўзнікалі апошнім часам праз уплыў стану сусветнай эканомікі, беларускі гандаль гэта пераадольвае дастаткова ўпэўнена і рухаецца наперад, развіваецца”, — сцвярджае чыноўнік.

Галоўчанка: Нягледзячы на падтрымку дзяржавы, "Белкаапсаюз" працуе ў страту

19 сакавіка, Позірк. Сітуацыя ў "Белкаапсаюзе" досыць складаная, усе віды дзейнасці, якая ажыццяўляецца, акрамя нарыхтоўчай і вытворчасці, стратныя", заявіў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка 19 сакавіка на нарадзе аб мерах падтрымкі спажыўкааперацыі. Такая сітуацыя назіраецца, "нягледзячы на тое, што і ў мінулым, …
Падзяліцца: