Мінск 21:52

Непагадзь 29 ліпеня пакінула без электрычнасці 1.917 паселішчаў, аднаўленне працягваецца ў 48

Фота: прэс-служба Міністэрства энергетыкі

30 ліпеня, Позірк. Непагадзь 29 ліпеня парушыла электразабеспячэнне 1.917 населеных пунктаў Беларусі, абясточыла 6.168 трансфарматарных падстанцый, 171 ферму, 24 кацельні, паведамляе прэс-служба Міністэрства энергетыкі.

Больш за ўсё адключэнняў зафіксавана ў Мінскай вобласці — у Мінскім, Дзяржынскім, Валожынскім і Маладзечанскім раёнах; Гродзенскай — у Іўеўскім, Ашмянскім і Лідскім; Гомельскай — у Мазырскім і Лельчыцкім. Там праз шквалісты вецер дрэвы ўпалі на правады, абарвалі іх, пашкодзілі апоры ліній электраперадачы.

Да ліквідацыі наступстваў непагадзі прыцягнулі 479 аварыйных брыгад у складзе 1.205 чалавек і 430 адзінак тэхнікі. На 6:00 30 ліпеня аднаўленчыя работы працягваліся ў 48 паселішчах.

Напярэдадні Міністэрства па надзвычайных сітуацыях паведамляла, што праз непагадзь пацярпела два чалавекі.

Паводле інфармацыі Мінэнерга, умовы надвор’я 30 ліпеня “застаюцца складанымі” — узмоцнены паўночна-заходні вецер парывамі да 15–20 м/с, чакаюцца дажджы і навальніцы.

Шкала Бофарта класіфікуе вецер хуткасцю 14–17 м/с як моцны (7 балаў з 12), 18–20 м/с — вельмі моцны (8 балаў).

Гл. таксама:

Нявывучаны ўрок. Ураган паказаў, што ўлада бяздушная і не гатовая да сапраўдных выклікаў (на рускай мове)

Падзяліцца: