Мінск 01:12

Латвія завяршыла будаўніцтва плота на мяжы з Беларуссю

Ілюстрацыйнае фота: сайт урада Латвіі

31 ліпеня, Позірк. Пра завяршэнне будаўніцтва плота на мяжы з Беларуссю паведаміла Дзяржаўная кампаніі нерухомасці Латвіі (VNĪ), якая кіравала праектам.

“Мы жывем ва ўмовах гібрыднай вайны, калі неабходна прадэманстраваць дакладныя і пераканаўчыя дзеянні па дасягненні нашай нацыянальнай мэты — усталяванню самай сучаснай памежнай бяспекі на ўсходняй мяжы Еўрапейскага саюза. <…> Гэта ўнёсак ва ўмацаванне бяспекі як Латвіі, так і ЕС”, — пракаментаваў завяршэнне праекта міністр унутраных спраў Рыхард Казлоўскіс.

Старшыня праўлення VNĪ Рэнарс Грышкевічс заявіў, што інфраструктуру — патрульныя сцежкі, пешаходныя масты і іншыя збудаванні, неабходныя для аховы ўсіх 173 км мяжы, — будуць ствараць да канца 2024 года.

Пад кіраўніцтвам кампаніі працягваецца стварэнне інфраструктуры і іншых рашэнняў на двух участках — у раёне ракі Даўгавы і вакол возера Рычу, дзе памежны плот не прадугледжаны.

У снежні 2023 года МУС Латвіі сцвярджала, што сухапутная частка агароджы на латвійска-беларускай мяжы будзе ўзведзена да канца года.

Латвія, як і Літва, Польшча, вырашыла пабудаваць фізічны бар’ер на мяжы з Беларуссю праз міграцыйны крызіс, які цягнецца з вясны 2021 года.

З пачатку ліпеня суседнія краіны Еўрасаюза спынілі мінімум 2.414 спробаў мігрантаў нелегальна трапіць з боку Беларусі (Польшча — не менш за 1.271, Латвія — 1.030, Літва — 113). Гэта на 43% менш, чым за 30 дзён чэрвеня 2024 года (4.236), і на 49,6% менш, чым за аналагічны перыяд ліпеня 2023-га (4.792).

Падзяліцца: