Латушка: Вызвалены ў рамках абмену расійскі шпіён Павел Рубцоў мінімум двойчы прыходзіў у офіс НАУ ўзяць інтэрв’ю
2 жніўня, Позірк. Сярод асобаў, якія фігуравалі 1 жніўня ў спісах на абмен зняволенымі, знаходзіўся Павел Рубцоў, які быў абвінавачаны ў шпіянажы на карысць РФ у Польшчы. Як паведаміў “Позірку” намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка, да арышту Рубцоў прыходзіў да яго браць інтэрв’ю.
Рубцоў працаваў у Польшчы да лютага 2022 года і прадстаўляўся іспанскім журналістам расійскага паходжання Пабла Гансалесам.
У СМІ паведамлялася, што Рубцоў-Гансалес быў затрыманы 28 лютага 2022 года па падазрэнні ў шпіянажы.
“Гансалес як мінімум двойчы прыходзіў у офіс НАУ, каб узяць у мяне інтэрв’ю для іспанскіх выданняў. У якасці сведкі па гэтай крымінальнай справе я даваў паказанні”, — сказаў палітык.
На думку Латушкі, факт таго, што “прадстаўнік расійскіх спецслужбаў” сядзеў насупраць яго “на адлегласці выцягнутай рукі”, дэманструе, з аднаго боку, “актыўнасць расейскіх спецслужбаў на тэрыторыі Еўрапейскага саюза, а з другога боку, паказвае рэальнасць рызык і пагроз, якія ўзнікаюць для прадстаўнікоў дэмакратычных сіл”.
“Гэта яшчэ раз пацвярджае неабходнасць узмацняць меры бяспекі, у тым ліку і самабяспекі для ўсіх тых, хто працягвае змагацца супраць рэжыму Лукашэнкі. Рызыкі абсалютна рэальныя”, — падкрэсліў кіраўнік НАУ.
Як паведамляў расійскі сайт “Агентство” ў лістападзе 2023 года, Пабла Гансалес, які пражываў у Краіне Баскаў (аўтаномная вобласць Іспаніі), быў затрыманы ў лютым 2022 года польскімі спецслужбамі і абвінавачаны ў працы на Галоўнае выведвальнае ўпраўленне Мінабароны РФ. Гансалес (Рубцоў) да гэтага некалькі гадоў уваходзіў у акружэнне дачкі забітага расійскага палітыка Барыса Нямцова Жанны і пісаў падрабязныя справаздачы пра яе самой, яе сяброў і калег. Гэтыя справаздачы сталі даступныя польскім спецслужбам.
Да абмену Гансалес знаходзіўся ў зняволенні на тэрыторыі Польшчы.
Прэс-служба Крамля 1 жніўня паведаміла, што Уладзімір Пуцін падпісаў указы аб памілаванні Пола Уілана (былы амерыканскі марскі пяхотнік), Эвана Гершковіча (амерыканскі журналіст), Кевіна Ліка (ураджэнец Германіі, пераехаў у РФ з расійскай маці), Дэмуры (Дытэра) Вароніна (расейска-нямецкі палітолаг), Уладзіміра Кара-Мурзы, Алсу Курмашавай, Ліліі Чанышавай, Вадзіма Астаніна, Ясеніі Фадзеевай, Аляксандры Скачыленка, Іллі Яшына, Андрэя Піваварава і Алега Арлова.
У абмен Масква атрымала расіян, асуджаных у ЗША і Еўрасаюзе. Сярод іх супрацоўнік спецслужб Вадзім Красікаў, які атрымаў у Германіі пажыццёвы тэрмін за забойства; прызнаныя вінаватымі ў шпіянажы Арцём і Ганна Дульцавы, якія адбывалі пакаранне ў Славеніі, а таксама Міхаіл Мікушын, Павел Рубцоў, Раман Селязнёў, Уладзіслаў Клюшын, Вадзім Канашчонак.
- Грамадства, ПалітыкаЛітва зафіксавала рэкордную за апошнія восем тыдняў колькасць спробаў парушэння мяжы з беларускага бокуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаАмаль чвэрць мільёна беларусаў звярнуліся па дазвол на знаходжанне ў ПольшчыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаАмаль чвэрць мільёна беларусаў звярнуліся па дазвол на знаходжанне ў Польшчы (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 20 снежня 2024 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаІнвестыцыі ў асноўны капітал за 11 месяцаў 2024 года выраслі на 23,7% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка