“Тупалеў” развівае супрацу з Мінскім заводам грамадзянскай авіяцыі, яны абодва пад санкцыямі
21 чэрвеня, Позірк. Прадпрыемства “Тупалеў” мае намер развіваць карпаратыўныя сувязі з Мінскім заводам грамадзянскай авіяцыі № 407, паведамляе расійская “Аб’яднаная авіябудаўнічая карпарацыя” (ААК).
Адзначаецца, што на беларускім прадпрыемстве плануецца вырабляць шэраг кампанентаў для пасажырскіх самалётаў Ту-214 і афарбоўваць гэтыя паветраныя судны.
Раней “Тупалеў” і 407-ы завод супрацоўнічалі ў галіне рамонту і мадэрнізацыі самалётаў Ту-134.
Мінскі завод грамадзянскай авіяцыі размешчаны на тэрыторыі нацыянальнага аэрапорта Мінск. У трэція ўгодкі сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года прадпрыемства трапіла пад чарговыя санкцыі Злучаных Штатаў Амерыкі.
На “Тупалеў” распаўсюджваюцца абмежавальныя меры ЗША, Еўрасаюза, Японіі.
Улады Беларусі і Расіі актывізавалі супрацу ў авіябудаванні ў 2023 годзе. Праз некалькі гадоў яны плануюць выпусціць сумесны пасажырскі самалёт “Асвей”.