Мінск 08:00

ЕС “падзяляе радасць вызваленых палітвязняў” і заклікае вызваліць астатніх

22 жніўня, Позірк. Еўрапейскі саюз “прымае да ведама вызваленне некалькіх палітвязняў у Беларусі, асуджаных за ўдзел у мірных пратэстах пасля фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года”, і заклікае вызваліць астатніх. Пра гэта гаворыцца ў заяве афіцыйнага прадстаўніка Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Петара Стана.

“Мы падзяляем палёгку і радасць вызваленых і іх сем’яў. Мы таксама прымаем да ведама той факт, што некаторыя з вызваленых былі зняволенымі, якія маюць патрэбу ў тэрміновай медыцынскай дапамозе, і заклікаем улады даць усім зняволеным адэкватнае медыцынскае абслугоўванне”, — адзначыў Стана.

У заяве таксама адзначаецца, што ЕС працягвае заклікаць беларускія ўлады да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў, якія часцяком утрымліваюцца ў небяспечных для жыцця ўмовах.

“У Беларусі застаецца больш за 1.300 палітычных зняволеных, уключаючы Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка, Марыю Калеснікаву, Мікалая Статкевіча, Максіма Знака і Віктара Бабарыку, якія ўжо больш за 18 месяцаў пазбаўленыя магчымасці мець зносіны са знешнім светам”, — падкрэслівае прадстаўнік ЕС.

Па стане на 22 жніўня беларускія праваабарончыя арганізацыі прызнаюць палітвязнямі 1.373 чалавек.

16 жніўня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб памілаванні 30 асоб, асуджаных за злачынствы “пратэстнай накіраванасці”.

У ліку памілаваных 14 жанчын і 16 мужчын, “некаторыя з іх маюць сур’ёзныя захворванні”, “ёсць асобы пенсійнага ўзросту”, гаварылася ў паведамленні прэс-службы Лукашэнкі.

На вечар 22 жніўня праваабаронцам было вядома аб вызваленні 22 з 30 чалавек.

Падзяліцца: