Мінск 22:04

Беларусь зноў пагасіла абавязацельствы па еўрааблігацыях рублямі замест долараў

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Мінфіна

26 жніўня, Позірк. Міністэрства фінансаў паведаміла пра выплату працэнтнага даходу па еўрааблігацыях Belarus-2026, Belarus-2031 у памеры 38,6 млн долараў у эквіваленце.

Паводле даных прэс-службы ведамства, “сродкі ў поўным аб’ёме” залічаныя на асобны банкаўскі рахунак, адкрыты ў “Беларусбанку”.

28 чэрвеня 2022 года Савет міністраў і Нацыянальны банк прынялі сумесную пастанову, згодна з якой “выкананне даўгавых абавязацельстваў па дзяржаўных каштоўных паперах, размешчаных на знешніх фінансавых рынках, будзе ажыццяўляцца ў беларускіх рублях па курсе Нацбанка на дату плацяжу”.

З таго часу Беларусь практыкуе пералічэнне плацяжоў па даўгах у рублях на спецрахунак у “Беларусбанку”.

Папярэдні плацеж здзейснены ў ліпені.

Плацежнаму агенту ўлады прапанавалі самастойна забіраць сродкі з гэтага рахунку і разлічвацца з інвестарамі. Кампаніі Citigroup і Citibank адмовіліся выступаць агентамі ў дачыненні да беларускіх еўрабондаў.

Неўзабаве пасля гэтага міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы Fitch Ratings і Moody’s панізілі крэдытны рэйтынг Беларусі: першае заявіла, што дэфолт у краіне непазбежны, другое назвала сітуацыю дэфолтам.

У сувязі з гэтай сітуацыяй расійскія прыватныя інвестары, як паведамляў РБК, звярнуліся да манетарных уладаў РФ з просьбай абмежаваць доступ Беларусі да міждзяржаўных крэдытаў і расійскага рынку капіталу праз нявыплаты па раней выпушчаных еўрааблігацыях.

Аўтарам зваротаў ад імя інвестараў выступіў Аляксандр Марчанкаў (патрабаваў спагнаць з Мінфіна Беларусі запазычанасць па еўрабондах у памеры 310 тыс. долараў — іск тычыўся двух выпускаў еўрааблігацый; 6 верасня Масгарсуд спыніў разгляд іску праз непадсуднасць справы расійскім судам). У лісце ён пазначаны як прадстаўнік ініцыятыўнай групы інвестараў (200 фізічных асоб і 30 арганізацый).

Заяўнікі прасілі прызнаць беларускі Мінфін “нядобрасумленным пазычальнікам” і “абмежаваць для яго доступ на рынак капіталу Расіі”.

Інвестары паведамілі агенцтву пра намер звярнуцца з іскам наконт нявыплат па беларускіх дзяржпаперах у Лонданскі міжнародны арбітраж.

Беларусь “сутаргава шукае рашэнні, як выканаць абавязацельствы перад інвестарамі”, якія набылі беларускія еўрааблігацыі, заявіў дарадца-пасланнік амбасады Беларусі ў РФ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Шпакоўскі ў інтэрв’ю ютуб-каналу “Мінск-Масква | Прамы эфір” 29 ліпеня.

“Беларусь апынулася ў форс-мажорнай сітуацыі. На момант набыцця гэтых еўрабондаў юрыдычных рашэнняў пра ўвядзенне санкцый не было. Мы зараз, як і Расія, знаходзімся пад санкцыямі Захаду. Зразумела, што на сённяшні дзень патрабаваць выконваць гэтыя абавязацельствы ў замежнай валюце, як мне падаецца, некарэктна”, — сказаў ён.

Падзяліцца: