Мінск 06:18

За тыдзень у Беларусь зноў уехала больш за 2,5 тыс. украінскіх грамадзян — Дзяржпагранкамітэт

13 верасня, Позірк. За мінулы тыдзень (з 6:00 6 верасня да 6:00 13 верасня) у Беларусь заехала 2.525 грамадзян Украіны (за папярэднія сем дзён — 2.541), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу звестак Дзяржаўнага памежнага камітэта.

Непасрэдна праз украінска-беларускую мяжу за гэты перыяд прайшоў адзін чалавек (тыднем раней — ніводнага), транзітам праз Польшчу — 2.049 (2.083), Літву — 433 (422), Латвію — 42 (36).

З пачатку года ў Беларусь прыбыў 96.581 грамадзянін Украіны: з украінскай тэрыторыі — 37, транзітам праз Польшчу — 76.675, Літву — 18.421, Латвію — 1.448.

Агулам з 24 лютага 2022 года, калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне расійскіх войскаў у суседнюю краіну, у Беларусь прыбыла 243.073 грамадзяніна Украіны: праз украінска-беларускую мяжу — 15.955, транзітам праз Польшчу — 174.463, Літву — 46.671, Латвію — 5.984.

“Дзяржпагранкамітэт Беларусі займаецца несумленнай падачай лічбаў і чыстай вады маніпуляцыяй”, — заявіў у інтэрв’ю “Позірку” сёлета ў лютым амбасадар па асаблівых даручэннях МЗС Украіны па Беларусі Ігар Кізім. Паводле яго слоў, гаворку трэба весці пра звычайныя паездкі грамадзян Украіны ў Беларусь.

Дыпламат адзначыў, што ў адкрытых крыніцах звестак аб колькасці ўкраінцаў, якія выехалі з Беларусі, не знайсці. “Сумленным і прыстойным з боку ДПК было б даваць гэтую статыстыку”, — лічыць ён.

“Насамрэч гаворка ідзе не пра транзітных уцекачоў ці людзей, якія заехалі ў Беларусь, каб папрасіць прытулак. Гэта, як і раней, простыя паездкі ўкраінскіх грамадзян”, — адзначыў Кізім.

Паводле жнівеньскіх звестак ААН, у свеце было зафіксавана 6 млн 168,1 тыс. украінскіх уцекачоў.

Падзяліцца: