Мінск 14:12

Надзвычайная пажарная небяспека ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях падоўжана на 20–22 верасня

Крыніца: pixabay.com

20 верасня, Позірк. Надзвычайная пажарная небяспека на большай частцы тэрыторый Гомельскай і Магілёўскай абласцей захаваецца 20–22 верасня, паведамляе прэс-служба МНС.

“Фактарамі небяспекі” ведамства называе “ўзнікненне пажараў у прыродных экасістэмах, распаўсюджванне агню на населеныя пункты, лініі ЛЭП і сувязі”.

Паводле даных упраўлення МНС па Гомельскай вобласці, за мінулыя аператыўныя суткі (з 6:00 да 6:00) у рэгіёне зафіксавана шэсць пажараў: знішчаны адзін будынак, пашкоджана дзевяць.

Ліквідаваны адзін лясны пажар на плошчы 0,8 га на тэрыторыі Кармянскага раёна (тэхніку МНС у тушэнні не задзейнічалі), адзін тарфяны — на плошчы 0,01 га ў Калінкавіцкім раёне, восем пажараў травы і кустоў — на агульнай плошчы 1,994 га ў Брагінскім, Веткаўскім, Жлобінскім, Калінкавіцкім, Кармянскім, Петрыкаўскім і Чачэрскім раёнах.

На аказанне тэхнічнай дапамогі ратавальнікі выязджалі чатыры разы.

У Магілёўскай вобласці за суткі супрацоўнікі МНС здзейснілі 31 выезд, паведамляе абласное ўпраўленне ведамства. Двойчы — на тушэнне пажараў, шэсць разоў — на тушэнне сухой расліннасці, 23 — “на аказанне тэхнічнай дапамогі”.

Усяго ў Беларусі за суткі адбылося 17 пажараў, ахвяр няма, вынікае са зводкі МНС.

Раней надзвычайная пажарная небяспека была абвешчаная ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях на 17–19 верасня.

Падзяліцца: