Мінск 13:50

Ціханоўская на стратдыялогу з ЗША: Трэба распрацаваць крокі, каб вызваліць Беларусь ад расійскага панавання

Святлана Ціханоўская на другім стратэгічным дыялогу з ЗША ў Вільнюсе (4 снежня 2024 года)
Фота: "Позірк"

4 снежня, Позірк. Надзею на ўмацаванне супрацы і выпрацоўку новых ідэй усклала Святлана Ціханоўская на другі стратэгічны дыялог беларускага дэмакратычнага руху з урадам Злучаных Штатаў Амерыкі на адкрыцці гэтай сустрэчы 4 снежня ў Вільнюсе.

“Нам неабходна распрацаваць канкрэтныя крокі, што можна зрабіць у бліжэйшыя месяцы і ў налета, — сказала яна. — Крокі па чыненні ціску на рэжым і вызваленні палітычных зняволеных. Крокі па стварэнні асноў дэмакратычнай дзяржавы, ад свабодных СМІ да сумленных выбараў. Крокі, скіраваныя на тое, каб Беларусь заставалася незалежнай і вызвалілася ад расійскага панавання”.

Палітык заклікала прызнаць, што “стаўкі больш высокія”. Паводле яе слоў, Беларусь — гэта не месца для “адасобленай барацьбы”, а “поле бітвы за душу Еўропы”, паколькі “без свабоднай Беларусі не можа быць устойлівай бяспекі ні для Украіны, ні для Польшчы, ані для астатніх краін рэгіёну”.

“Наша барацьба ўзаемазвязаная, як і нашая будучыня. Адкрываючы гэты дыялог, давайце глядзець на яго яснымі вачыма і моцнымі сэрцамі. Давайце пабудуем непахісны саюз, які забяспечыць не толькі будучыню Беларусі, але і ўмацуе каштоўнасці дэмакратыі ва ўсім свеце”, — сказала Ціханоўская.

Паводле інфармацыі “Позірку”, у рамках другога раунда стратэгічнага дыялогу запланавана шэсць сесій — па пытаннях дэмакратычнага развіцця Беларусі; правоў чалавека і палітвязняў; прыцягнення да адказнасці; нацыянальнай культуры і ідэнтычнасці; медыя і камунікацый; прыватнага сектара.

Стратэгічны дыялог — пляцоўка для падтрымкі сталых стасункаў беларускага дэмакратычнага руху з урадам Злучаных Штатаў Амерыкі. Першы раунд стратдыялогу адбыўся 6–8 снежня 2023 года ў Вашынгтоне.

4–5 красавіка ў сталіцы ЗША ўдзельнікі першых пасяджэнняў працоўных груп у рамках стратдыялогу абмеркавалі парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, шляхі вызвалення палітвязняў, дзейнасць дэмакратычнага руху і грамадзянскай супольнасці.

У сустрэчах узялі ўдзел прадстаўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай, Аб’яднанага пераходнага кабінета, Каардынацыйнай рады, грамадзянскай супольнасці, у тым ліку праваабаронцы і прафсаюзныя дзеячы. Амерыканскі бок прадстаўлялі чыноўнікі з Дзяржаўнага дэпартамента, Агенцтва па міжнародным развіцці, міністэрстваў — фінансаў і працы.

Падрабязнасці даступныя падпісчыкам “Позірк+”

Падзяліцца: