Мінск 14:56

КДБ прызнаў “экстрэмісцкім фарміраваннем” гродзенскі сайт s13.ru, яго рэдактар не выйшаў на волю пасля трэцяга запар 15-сутачнага арышту

9 снежня, Позірк. Камітэт дзяржаўнай бяспекі яшчэ 5 лістапада прызнаў “экстрэмісцкім фарміраваннем” гродзенскі сайт s13.ru. Ён унесены ў адпаведны пералік на сайце МУС.

У “экстрэмісцкае фарміраванне” уключаныя таксама старонкі гэтага СМІ ў сацыяльных сетках.

30 кастрычніка стала вядома, што кантэнт s13.ru і яго тэлеграм-канала прызнаны “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.

Заснавальнік інтэрнет-рэсурсу Сяргей Чабоцька 7 снежня не выйшаў на волю пасля трэцяга запар 15-сутачнага арышту. Пра яго лёс нічога невядома.

“Экстрэмісцкім фарміраваннем” названа таксама ініцыятыва “Гарадскі агарод Марыс Мар”. На думку спецслужбы, яна “ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць у супрацоўніцтве з іншымі экстрэмісцкімі фарміраваннямі (БНМС “РАДА”, “АБФ”, “Суседзі”)”. КДБ называе Яну Царук, Марыю Батальёнак і Насту Марозаву, асобамі, якія маюць дачыненне да ініцыятывы.

У спіс патрапілі сэрвіс па адпраўцы лістоў у месцы зняволення “Письмо.бел” і яго сацсеткі. Датычнымі да праекта названыя Аляксандр Мазур, Сяргей Антусевіч, Павел Красоўскі, Павел Каранюхін, Аляксандр Лыкшын. Сэрвіс перастаў працаваць як у краіне, так і за яе межамі.

Акрамя таго, прызнаная “экстрэмісцкім фарміраваннем” інтэрнэт-платформа “Беларусь ID / Belarus ID” для галасавання на выбарах у Каардынацыйную раду. Пакуль яна апошняя, 250-я у спісе. Дачыненне да яе КДБ прыпісвае стваральніку платформы “Голас” Паўлу Ліберу і Міхаілу Ананьіну.

Падзяліцца: