Мінск 16:36

За тыдзень да назірання за выбарамі-2025 у Беларусі дапусцілі яшчэ 27 чалавек

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

24 снежня, Позірк. За мінулы тыдзень выбарчыя камісіі розных узроўняў акрэдытавалі яшчэ 27 ахвочых назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі 2025 года ў Беларусі, сведчаць даныя на сайце Цэнтрвыбаркама.

На 23 снежня акрэдытавана 960 нацыянальных назіральнікаў — на 9 больш, чым было 16 снежня. З дададзеных чатыры прадстаўляюць палітычныя структуры (тры ад Камуністычнай партыі і адзін ад партыі “Белая Русь”), пяць — грамадскія арганізацыі (двое ад Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, па адным ад Беларускага саюза жанчын, Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў і прафсаюзаў са структуры ФПБ).

Большую частку нацыянальных назіральнікаў — 696 (72,5%) — па-ранейшаму складаюць прадстаўнікі грамадскіх арганізацый: прафсаюзы ФПБ — 154, БРСМ — 149, ГА “Белая Русь” — 128, саюз жанчын — 100, ветэранскае аб’яднанне — 99, іншыя — 66.

Летась у траўні Міністэрства юстыцыі вызначыла названыя арганізацыі “суб’ектамі грамадзянскай супольнасці”, што маюць права на “ўзаемадзеянне з дзяржаўнымі органамі ў асаблівых формах”.

Ад палітычных партый зарэгістравана 179 назіральнікаў (18,7%): “Белая Русь” — 104, Камуністычная партыя Беларусі (КПБ) — 49, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (РППС) — 19, Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі (ЛДПБ) — 7. Усё гэта лаяльныя рэжыму Аляксандра Лукашэнкі палітычныя структуры.

Акрамя таго, у якасці назіральнікаў зарэгістраваныя асобныя грамадзяне, якія падалі адпаведную заяву (63; 6,6%), а таксама вылучэнцы працоўных калектываў (22; 2,3%).

Таксама на 23 снежня акрэдытавана 93 замежныя назіральнікі — на 18 больш, чым было 18 снежня. Засталася нязменнай колькасць прадстаўнікоў Выканаўчага камітэта Садружнасці Незалежных Дзяржаў (39), Міжпарламенцкай асамблеі СНД (18), парламентаў удзельнікаў СНД (3) і Моладзевай арганізацыі Руху недалучэння (2). Колькасць “незалежных назіральнікаў” за гэты час вырасла на 9 (з 3 да 12), прадстаўнікоў замежных выбарчых органаў — на 3 (з 10 да 13). Акрамя таго, акрэдытаваныя прадстаўнікі Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (5), якія раней не фігуравалі ў пераліку, і Сакратарыята Нарады па ўзаемадзеянні і мерах даверу ў Азіі (1).

Усе згаданыя структуры дружалюбныя да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

23 снежня Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў пяць кандыдатаў на пасаду прэзідэнта. Акрамя Лукашэнкі, гэта лідары праўладных структур — Сяргей Сыранкоў (КПБ), Аляксандр Хіжняк (РППС), Алег Гайдукевіч (ЛДПБ), а таксама былы член Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў у 2016–2019, удзельніца выбарчай кампаніі 2020 года Ганна Канапацкая.

Сёмыя прэзідэнцкія выбары адбудуцца 26 студзеня 2025 года.

Прэзідэнцкая кампанія праходзіць пад поўным кантролем уладаў. Палітычнае поле краіны цалкам зачышчанае ад актыўных апанентаў Лукашэнкі. Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл за мяжой называюць тое, што адбываецца, “спецаперацыяй па ўтрыманні ўлады”, праваабаронцы кажуць пра імітацыю канкурэнцыі.

З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

Падзяліцца: