Мінск 16:11

У васьмі банкаў новаўвядзенні ў працы з кліентамі

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

7 лютага, Позірк. Восем банкаў, што працуюць у Беларусі, паведамілі пра змяненне асобных правілаў абслугоўвання і прадставілі новыя магчымасці для кліентаў, сведчыць праведзены “Позіркам” маніторынг іх актуальных прэс-рэлізаў.

“Белгазпрамбанк” 1 сакавіка падвысіць камісію для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў за перадачу паведамленняў: аб выдачы (скасаванні) банкаўскай гарантыі “з выкарыстаннем спецыялізаванага праграмнага забеспячэння ў форме электроннага дакумента” — з 43,2 да 48 рублёў; аб змяненні банкаўскай гарантыі — з 34,8 да 39,6 рубля.

“Белінвестбанк” прапануе мікрабізнесу паслугі банка-гаранта. Максімальная сума, даступная кампаніі або індывідуальнаму прадпрымальніку ў рамках усіх дагавораў па мікрагарантыі, — 25 тыс. базавых велічынь (1,05 млн рублёў). Гарантыйная падтрымка ажыццяўляецца ў беларускіх і расійскіх рублях (пры неабходнасці — у іншых валютах). Тэрмін разгляду заяўкі — да пяці дзён. Для атрымання паслугі заклад не патрэбны. Гарантыі могуць быць выдадзеныя пад даручальніцтва фізічных асоб або няўстойку.

“БНБ Банк” не будзе спаганяць дадатковую камісію за выкананне плацежных даручэнняў для банкаўскіх пераводаў у доларах і еўра на рахункі атрымальнікаў, адкрытыя ў іншых банках Беларусі. Правіла дзейнічае пры плацяжы з укладнога (дэпазітнага) банкаўскага рахунку або за кошт сродкаў, якія паступілі з падобнага рахунку, а таксама пры ажыццяўленні плацяжу з рахунку па ўліку крэдытнай запазычанасці або за кошт сродкаў, якія паступілі з падобнага рахунку.

“БСБ Банк” надае фізічным асобам паслугу “Мой курс” па браніраванні індывідуальнага курса праз тэлеграм-бот (@mycourse_bsb_bot). З дапамогай гэтага сэрвісу любы ахвочы можа падаць заяўку з пазнакай пажаданай сумы здзелкі, у адказ банк прапануе індывідуальны курс, які будзе дзейнічаць цягам адной гадзіны.

“Парытэтбанк” прапануе юрыдычным асобам новы пакет абслугоўвання “Бізнес-каса”, які дазваляе выбіраць аптымальную колькасць кас (адну ці дзве), прымаць плацяжы любымі картамі і плацежнымі сэрвісамі. Кліентам абяцаюць доступ да тэрміналаў “4 у 1”, камісіі на залічэнне “ад 1,1% без патрабаванняў да абароту”. Акрамя таго, банк прапануе бясплатна адкрыць рахункі больш як у 11 валютах, праводзіць безлімітную колькасць пераводаў у беларускіх рублях, выпусціць і абслугоўваць адну карпаратыўную карту, здаваць выручку.

“Сбер Банк (Беларусь)” з 3 сакавіка ў рамках пакета “СберКарта” будзе штомесяц спаганяць плату ў памеры 3,99 рубля (ад яе вызваляць тых кліентаў, у якіх безнаяўны абарот па карце на месяц складае не менш як 350 рублёў альбо маюцца залічэнні на карту фонду аплаты працы на агульную суму не менш як 500 рублёў). Такі ж памер платы будзе ўсталяваны за пакет “Класічны”; за пакет “Статусны” — 5,99 рубля, “Элітны” — 12,99.

“Тэхнабанк” змяніў правілы па дакументарных акрэдытывах. Яго скасаванне да заканчэння тэрміну будзе каштаваць 25 долараў. Адкрыццё акрэдытыва па імпарце з наданнем пакрыцця — 0,15% сумы (мінімум 40 долараў, максімум — 250). Прыём дакументаў з разыходжаннямі — 20 долараў.

“Цэптэр банк” прапануе юрыдычным асобам і ІП, якія ўпершыню адкрываюць рахункі і падключаюцца да пакетаў разлікова-касавага абслугоўвання “Ваш партнёр 3”, “Ваш партнёр 4” і “Ваш партнёр 5”, ажыццяўляць неабмежаваную колькасць плацяжоў у расійскіх рублях на рахункі ў банках-нерэзідэнтах без выплаты камісійнай узнагароды да канца 2025 года.

На 1 лютага 2025 года ў краіне быў зарэгістраваны 21 банк.

Прыбытак банкаў на 1 снежня 2024 года склаў 3 млрд 425,7 млн рублёў — на 26,7% больш, чым на аналагічную дату 2023-га (2 млрд 703,1 млн), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага банка. За месяц гэты паказчык павялічыўся на 178,6 млн рублёў (на 1 лістапада — 3 млрд 247,1 млн; +5,5%).

Падзяліцца: