Мінск 19:49

Беларускае войска ўзбройваецца адпаведна “сусветным тэндэнцыям” і досведу вайны ва Украіне — Мінабароны

Фота: Павел Матусевіч / ІА "Ваяр"

7 лютага, Позірк. У Беларусі “вельмі пільна” сочаць за “сусветнымі тэндэнцыямі развіцця ўзбраення”, а таксама “досведам СВА” (“спецыяльнай ваеннай аперацыяй” улады Расіі і Беларусі называюць развязаную РФ поўнамаштабную вайну супраць Украіны), заявіў на палях калегіі Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта намеснік міністра абароны па ўзбраенні Андрэй Федзін.

“На падставе досведу спецыяльнай ваеннай аперацыі мы прыйшлі да высновы, што неабходна пашырацца спектр і наяўнасць ва Узброеных сілах, павялічыць колькасць беспілотных лятучых апаратаў, таму што на сённяшні дзень спектр задач з выкарыстаннем беспілотных лятучых апаратаў увесь час пашыраецца, — цытуе военачальніка прэс-служба Мінабароны. — Акрамя таго, удасканальваецца тактыка іх выкарыстання. Развіццё беспілотных лятучых апаратаў дало штуршок да ўтварэння цэлага класа новых высокадакладных сродкаў агнявога паражэння”.

Шырокае прымяненне беспілотнікаў, паводле слоў Фядзіна, патрабуе таксама “развіцця сродкаў барацьбы з імі”, у тым ліку сродкаў “фізічнага знішчэння” і “ўздзеяння радыёэлектроннай барацьбы на каналы кіравання” дронамі.

Намеснік міністра паведаміў, што зараз праходзіць выпрабаванні і неўзабаве будзе прыняты на ўзбраенне распрацаваны Дзяржкамваенпрамам комплекс для барацьбы з беспілотнікамі “Сапсан”.

Мінабароны, адзначыў Федзін, “вельмі актыўна развівае і падтрымлівае стасункі” з Дзяржкамваенпрамам і прадпрыемствамі, якія ўваходзяць у яго склад. Прыкладам “паспяховага ўзаемадзеяння” ён назваў прыняты на ўзбраенне ў 2024 годзе зенітны ракетны комплекс “Бук-МБ”, набытыя Узброенымі сіламі “мабільныя перавязачныя пункты, радыёлакацыйныя станцыі, беспілотныя лятучыя апараты і сродкі барацьбы з імі”.

Такая супраца, паводле слоў военачальніка, дае магчымасць аснашчаць армію “ўсім тым, што неабходна для забеспячэння ўзброенай абароны” Беларусі.

“Пры мадэрнізацыі існых узораў узбраення і тэхнікі мы зыходзім з адпаведнасці сучасным тактыка-тэхнічным патрабаванням, — заявіў Федзін. — Маюцца ўзоры, якія могуць без дапрацоўкі эксплуатавацца ў далейшым. Гэта дазваляе эканоміць істотныя фінансавыя рэсурсы”.

“Ёсць узоры, што маюць мадэрнізацыйны патэнцыял. <…> Каб іх давесці да сучасных патрабаванняў, праводзіцца шэраг дапрацовак. Дапрацоўкі праводзяцца на прадпрыемствах, потым ажыццяўляецца выпрабаванні з удзелам прадстаўніка Міністэрства абароны, і яны прымаюцца на ўзбраенне ўжо як гатовыя ўзоры. Гэтыя выпрабаванні вытрыманыя паспяхова”, — дадаў намеснік міністра абароны.

Дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч заявіў, што Узброеныя сілы Беларусі “павінны адпавядаць сучасным патрабаванням і стандартам”, мець “сучасныя ўзоры ўзбраення і вайсковай тэхнікі”.

“Зыходзячы з таго геапалітычнага і ваенна-палітычнага становішча, якое сёння складаецца не толькі вакол нашай краіны, але і ў свеце, мы бачым, што калектыўны Захад робіць стаўку на пытанні мілітарызацыі, — цытуюць чыноўніка дзяржаўныя медыя. — Палітычныя і эканамічныя санкцыі не даюць тых вынікаў, на якія разлічвалі нашыя суседзі. Таму пытанні, звязаныя з мілітарызацыяй, павелічэннем вайсковых бюджэтаў, імі ўжо прынятыя. Мы бачым, што заключаюцца кантракты на пастаўку сучасных, найперш амерыканскіх, узораў вайсковай тэхнікі ў склад узброеных сіл Польшчы, краін Прыбалтыкі. Праз гэта з’яўляюцца новыя рызыкі ўзнікнення ваеннай небяспекі, перш за ўсё ў дачыненні да нашай краіны”.

“Ва ўмовах санкцый набыць амерыканскую ці нейкую іншую зброю нам і немагчыма, і занадта дорага. Таму стаўка робіцца на свае прадпрыемствы, на стварэнне сваіх сучасных узораў са стоадсоткавай лакалізацыяй”, — заявіў ён.

Варта адзначыць, што напружанасць паміж Беларуссю і краінамі Захаду ўзмацнілася ў 2022 годзе, калі Мінск падтрымаў Маскву ў яе агрэсіі супраць украінскага народа.

Падзяліцца: