Мінск 19:04

Ціханоўская ўпершыню выступіць на галоўнай сцэне Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы

13 лютага, Позірк. За чатыры гады ўдзелу ў розных мерапрыемствах Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ўпершыню выступіць на асноўнай сцэне форуму, паведамляе сайт палітыка.

Удзел дэмлідара ў “двух дыскусіях асноўнай праграмы”, на думку яе каманды, сведчыць пра тое, што “ў міжнародных дыскусіях пра бяспеку рэгіёну дзейнічае прынцып “нічога пра Беларусь без беларусаў”. Пасля асноўных дыскусій на канферэнцыі адбудзецца паралельнае мерапрыемства, прысвечанае сітуацыі ў Беларусі пасля электаральнай працэдуры, якую афіцыйны Мінск лічыць “прэзідэнцкімі выбарамі”.

“Чарговае выступленне беларускага лідара ў Мюнхене — гэта і прадстаўніцтва беларускага народа, і ўпэўненасць у тым, што пытанне Беларусі не адсунутае на перыферыю еўрапейскіх праблем”, — гаворыцца на сайце палітыка.

Сцвярджаецца, што “пляцоўка канферэнцыі дапамагае дэмакратычным сілам данесці да сусветнай супольнасці недапушчальнасць ператварэння Беларусі ў ваенны плацдарм Расіі” і “нагадаць сусветным лідарам, што рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца і адбываюцца штодня”. Гэта “дазваляе трымаць крызіс з правамі чалавека ў Беларусі ў цэнтры ўвагі і дае магчымасць абмеркаваць усе магчымыя шляхі вызвалення беларускіх палітвязняў”.

Каманда беларускага палітыка заявіла, што “канферэнцыя дае Святлане Ціханоўскай магчымасць дамовіцца з лідарамі вядучых краін пра падтрымку дыяспары, грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ, а таксама абмеркаваць спрашчэнне працэдур легалізацыі і праграмы дапамогі беларусам у выгнанні”.

7 лютага прэс-служба Ціханоўскай анансавала яе ўдзел у Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, якая пройдзе 14–16 лютага.

Палітык бярэ ўдзел у яе працы з 2022 года. Летась экспертная ініцыятыва iSANS арганізавала ў рамках канферэнцыі круглы стол па Беларусі.

Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы (Münchener Sicherheitskonferenz, Munich Security Conference) — штогадовы міжнародны форум, які праводзіцца ў Мюнхене (адміністрацыйны цэнтр Баварыі, поўдзень Германіі) з 1963 года.

Падзяліцца: