Мінск 21:18

Лябедзька лічыць важным правядзенне сустрэчы альянсу “За дэмакратычную Беларусь” у Італіі, якая мае ўплыў у Еўропе

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 4 сакавіка 2025 года ў 15:15

4 сакавіка, Позірк. Выбар Італіі ў якасці месца правядзення другой сустрэчы альянсу парламенцкіх груп “За дэмакратычную Беларусь” кажа пра тое, што беларускі парадак дня мае шырокую геаграфію, заявіў у каментары “Позірку” дарадца Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкай супрацы Анатоль Лябедзька.

“Хоць Італія знаходзіцца дастаткова далёка ад Беларусі, але тое, што парламент гэтай краіны падтрымаў ініцыятыву другой сустрэчы ў Рыме, для нас палітычна вельмі важна, — падкрэсліў палітык. — Другі момант — тое, што Італія ўваходзіць у “чацвёрку” вялікіх краін Еўропы, якія істотна ўплываюць на еўрапейскую палітыку”.

Па выніках сустрэчы 6–7 сакавіка ў італьянскай сталіцы, паведаміў Лябедзька, плануецца прыняць агульную заяву. У ёй будзе “зафіксаваная дэлігітымацыя апошніх выбарчых кампаній у Беларусі (у лютым 2024 і студзені 2025 года); будзе адзначана, што яны не маюць прававых наступстваў для міжнароднай супольнасці і іх вынікі не прызнаюцца”.

Акрамя таго, паводле слоў дарадцы Ціханоўскай, на сустрэчы “мяркуецца ажыццявіць фіксацыю суб’ектнасці дэмакратычных сіл і гатоўнасць нацыянальных парламентаў і міжпарламенцкіх арганізацый супрацоўнічаць з імі”.

Лябедзька адзначыў, што беларускім дэмсілам “важна мець камунікацыі не толькі на двухбаковым узроўні, але і ў рамках альянсу як парасонавай арганізацыі, якая аб’ядноўвае нацыянальныя парламенты”.

“І таму мы будзем абмяркоўваць, што мы здолеем рабіць разам менавіта ў фармаце альянсу. Напрыклад, мы маглі б арганізаваць святкаванне ў той ці іншай форме Дня Волі 25 сакавіка, правесці агульную кампанію салідарнасці з палітвязнямі, а таксама намеціць сумесныя мерапрыемствы па інтэграцыі беларусаў, якія былі вымушаныя пакінуць краіну”, — сказаў ён.

Паводле слоў Лябедзькі, на сустрэчы ў Рыме, як мяркуецца, фізічна будуць прысутнічаць “прадстаўнікі 16–17” парламентаў і міжнародных парламенцкіх арганізацый. “Гэта добры паказчык з улікам таго, наколькі занятыя парламентарыі. Тут маецца яшчэ спецыфіка ЗША і Канады, якія далёка ад нас, але маюць адпаведныя групы”, — адзначыў суразмоўца.

“Акцэнт сустрэчы плануецца зрабіць не толькі на палітычных пытаннях, але і на пытаннях інтэграцыі беларусаў у выгнанні, нацыянальнай ідэнтычнасці, беларускай культуры, гэта значыць парадак дня даволі шырокі”, — дадаў ён.

З беларускага боку ўдзел у сустрэчы бяруць Ціханоўская і прадстаўнікі яе офіса, а таксама члены Каардынацыйнай рады, прадстаўнікі палітычных партый і экспертнай супольнасці.

На думку Лябедзькі, “удзел Святланы Ціханоўскай у сустрэчы альянсу надае вагу гэтаму мерапрыемству”. “Паралельна чакаецца правядзенне сустрэч дэмлідара са спікерамі абедзвюх палат парламента Італіі, у Міністэрстве замежных спраў. Гэта ўсё дае магчымасць прасунуць беларускі парадак дня”, — канстатаваў палітык.

Дарадца дэмлідара адзначыў, што цяпер у альянс “За дэмакратычную Беларусь” уваходзяць 23–24 міжпарламенцкія групы. “Напрыклад, у Германіі нядаўна прайшлі выбары, таму працэдура будзе пачынацца з нуля. Але ў сустрэчы ў Рыме возьме ўдзел прадстаўнік Бундэстага ад партыі, якая выйграла выбары, Кнут Абрахам, які быў адным з сустаршыняў адпаведнай дэпутацкай групы ў Бундэстагу, з якім будзе абмяркоўвацца пытанне стварэння новай групы”, — паведаміў Лябедзька.

Таксама, паводле яго слоў, распачаты працэс стварэння адпаведнай групы ў парламенце Аўстрыі.

“Апошнім парламентам, які заявіў пра намер стварыць такую групу, і ў якім ужо вядзецца адпаведны працэс, стаў заканадаўчы орган Албаніі”, — сказаў палітык, дадаўшы, што прадстаўнік албанскага парламента, магчыма, возьме ўдзел у сустрэчы ў Рыме.

“У розных краінах працэс фармавання груп займае розны час, часам да паўгода пасля выбараў. Гэта залежыць ад таго, наколькі хутка ў той ці іншай краіне сфармуецца кіроўная кааліцыя, і ад іншых фактараў”, — адзначыў Лябедзька.

Пра стварэнне альянсу “За дэмакратычную Беларусь” аднайменнымі групамі ў парламентах шэрагу дэмакратычных краін было абвешчана ў сакавіку 2023 года. Першая сустрэча прадстаўнікоў альянсу адбылася ў лістападзе таго ж года ў Берліне.

Падзяліцца: