Мінск 04:05

Колькасць пажараў у прыродных экасістэмах павялічылася ў 13 разоў — МНС

Ілюстрацыйнае фота: dront.ru

7 сакавіка, Позірк. Аператыўную нараду “ў сувязі з абвастрэннем сітуацыі, звязанай з ростам пажараў у экасістэме”, правёў 7 сакавіка міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі.

Як паведамляе прэс-служба ведамства, у Беларусі “ў параўнанні з аналагічным перыядам 2024 года назіраецца павелічэнне колькасці загаранняў у прыродных экасістэмах у 13,4 разы (з 54 да 726 выпадкаў)”. “Плошча іх уздзеяння” павялічылася ў 64 разы (з 4,3 га да 276,1 га), гаворыцца ў рэлізе.

Адзначаецца, што ад агню ў экасістэмах загінуў 1 чалавек у Брэсцкай вобласці, пяцёра пацярпелі, знішчаны 31 будынак і 2 адзінкі тэхнікі, пашкоджана 25 будынкаў.

Паводле звестак МНС, за мінулыя суткі адбыўся 31 лясны пажар на агульнай плошчы больш за 67 га, 3 тарфяныя пажары на плошчы амаль 2 га і 259 пажараў травы і кустоў на плошчы больш за 76 га.

7 сакавіка ў Брэсцкім абласным упраўленні МНС паведамілі, што “на тэрыторыі вобласці ў сувязі з цёплым, сухім і ветраным надвор’ем склалася напружаная пажаранебяспечная сітуацыя”. З пачатку года зафіксавана 269 фактаў загарання травы і кустоў, агонь ахапіў 57 га. Пры гэтым за такі ж перыяд мінулага года было 26 выпадкаў на 2,1 га (рост колькасці пажараў у 10,3 раза). Акрамя таго, у вобласці адбыліся тры тарфяныя і 34 лясныя пажары.

“За мінулыя суткі зарэгістравана 85 выпадкаў загарання травы і кустоў на плошчы 15,9 га, 22 лясныя пажары і два тарфяныя (у Івацэвіцкім і Бярозаўскім раёнах). Знішчана 12 будынкаў, з іх — тры нежылыя дамы. Пашкоджана 13 гаспадарчых пабудоў. Задзейнічана за суткі для ліквідацыі ўзгаранняў 170 адзінак тэхнікі і 421 супрацоўнік МНС”, — апісаў маштабы сітуацыі першы намеснік начальніка Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Руслан Любечка.

Вечарам 7 сакавіка дзяржаўныя СМІ са спасылкай на інфармацыю абласнога ўпраўлення МНС паведамілі, што ў Брэсцкай вобласці гарыць тэрыторыя заказніка “Званец”. Судзячы па распаўсюджаных фотаздымках, гаворка ідзе пра лясны пажар. Адзначаецца, што “агнём ахоплена цяжкадаступная тэрыторыя заказніка. Ратавальнікі і работнікі Брэсцкага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання разам са спецыялізаванай тэхнікай знаходзяцца на дзяжурстве і сочаць за сітуацыяй”.

Вечарам 28 студзеня прэс-служба Міністэрства лясной гаспадаркі паведамляла, што ў Драгічынскім раёне (Брэсцкая вобласць) “на тэрыторыі Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Званец” гарэла балотная мясцовасць”.

“Тушэнне пажару ўскладнена адсутнасцю пад’ездных шляхоў і забалочанай мясцовасцю. Пагрозы населеным пунктам няма, разам з тым адлегласць да дзяржаўнага ляснога фонду складае каля 2–3 кіламетраў”, — адзначаў тады Мінлясгас.

Падзяліцца: