Мінск 01:33

Лукашэнка “насцярожвае вельмі сур’ёзна” зніжэнне экспарту тавараў у Расію

Иллюстративное фото: freepik.com

18 сакавіка, Позірк. “У Расію ў нас таварны экспарт ніжэйшы за мінулы год. Гэта насцярожвае вельмі сур’ёзна. Ну і інфляцыя <…> У нас першыя месяцы там, здаецца, 2%”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 18 сакавіка ў Менску на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыным.

Лукашэнка, паводле інфармацыі яго прэс-службы, выказаў меркаванне, што рост інфляцыі можа быць звязаны ў тым ліку з падвышэннем у першым квартале кантраляваных цэн.

У сваю чаргу кіраўнік урада нагадаў пра падвышэнні цэн на жыллёва-камунальныя паслугі.

“Трэба бачыць. Калі толькі гэта, то гэта зразумела. Але калі там маюцца нейкія іншыя праблемы, якія насцярожваюць, гэта кепска. Ведаю, што агуркі і памідоры патаннелі да ўзроўню мінулага года”, — сказаў Лукашэнка.

За студзень — люты валавы ўнутраны прадукт вырас на 3,1% у гадавым вымярэнні, паведаміў Турчын, адзначыўшы запаволенне ў параўнанні са студзенем.

“Маюцца і аб’ектыўныя, і суб’ектыўныя прычыны, — сказаў Турчын. — Урад разумее, прымае меры. Вядома, нас вельмі непакоіць знешнеэканамічная дзейнасць”.

“Самая сур’ёзная заклапочанасць — гэта прадукцыя нашага машынабудавання. Вы ведаеце прычыны — у тым ліку і сітуацыя ў Расійскай Федэрацыі, высокія працэнтныя стаўкі. Таму тут, напэўна, адна з асноўных задач, якую вы заўсёды ставілі, — дыверсіфікацыя нашага экспарту. Зразумела, Расія — наш асноўны ключавы партнёр”, — сказаў прэм’ер.

На пасяджэнні Савета міністраў 19 лютага Раман Галоўчанка, які займаў тады пасаду прэм’ера (з 10 сакавіка — старшыня праўлення Нацбанка), канстатаваў, што ў 2024 годзе пастаўленая задача павялічыць экспарт на 7,6% да ўзроўню 2023-га не выкананая. Паводле яго слоў, аб’ём экспартных паставак вырас на 1 млрд 700 млн долараў (+3,5%).

Па выніках 2024 года аб’ём узаемнага гандлю таварамі і паслугамі паміж Беларуссю і РФ “дасягнуў рэкордных паказчыкаў і склаў 57,6 млрд долараў”, заявіла 21 лютага намесніца беларускага міністра эканомікі Алеся Абраменка на пасяджэнні сталай працоўнай групы двух ведамстваў. Паводле яе слоў, зафіксаваны рост на 7,4%.

“Крытычна нізкі ўзровень” чаканых у 2025 годзе “паказчыкаў экспарту ў Расійскую Федэрацыю” канстатаваны профільнай міжведамаснай працоўнай групай па выніках пасяджэння, якое прайшло 28 студзеня пад старшынствам амбасадара Беларусі ў РФ Аляксандра Рагожніка.

Пра гэта гаворыцца ў Пратаколе даручэнняў, складзеным пасля згаданага пасяджэння. Копію дакумента, падпісанага Рагожнікам, перадало Позірку аб’яднанне былых сілавікоў BelPol.

З пратакола вынікае, што асабліва моцныя трывогі адносна экспарту ў Расію ўлады звязваюць з першым кварталам гэтага года, сярод іншага рызыкі абумоўленыя “недастатковым узроўнем закантрактаванасці запланаваных аб’ёмаў экспарту тавараў”.

Пасяджэнне працоўнай групы прайшло ў фармаце відэаканферэнцыі. Апрача амбасадара, як паказана, у ім удзельнічалі “кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання” і “запрошаныя”.

Абапіраючыся на статыстычныя даныя за 11 месяцаў 2024 года, удзельнікі пасяджэння адзначылі “выкананне прагнознага параметра па нарошчванні экспарту беларускіх тавараў у Расійскую Федэрацыю” за гэты перыяд “у цэлым па краіне”. Пры гэтым, як заяўляецца, свае абавязацельствы па пастаўках у Расію не выканалі Міністэрства прамысловасці, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, канцэрны “Белнафтахім” і “Беллегпрам”, а таксама Гомельская, Гродзенская, Мінская вобласці і Мінск.

Падкрэсліваецца, што “вызначанае па Расіі заданне” прадугледжвала рост экспарту на 5,5% у параўнанні з аналагічным перыядам 2023 года.

Што тычыцца чаканых даных за 2025 год, то ў фокусе засядацеляў было два часовыя адрэзкі — студзень і першы квартал. Працоўная група “прыняла да ведама” наступныя прагнозы на экспарт у РФ у названыя перыяды: Мінпрам — 82,5% ў параўнанні з аналагічнымі паказчыкамі 2024 года, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання — 101%, Мінбудархітэктуры — 100,2%, канцэрн “Белнафтахім” — 90,6%, канцэрн “Беллеспаперапрам” — 102%, канцэрн “Беллегпрам” — 102%, канцэрн “Белдзяржхарчпрам” — 90,2% (без уліку цукровай галіны — 101,4%), Брэсцкі аблвыканкам — 101%, Віцебскі аблвыканкам — 106,6%, Гомельскі аблвыканкам — 82%, Гродзенскі аблвыканкам — 100,5%, Мінскі аблвыканкам — 85%, Магілёўскі аблвыканкам — 102%, Мінскі гарвыканкам — 100,8%.

Падзяліцца: