Мінск 07:04

Латушка: Застаецца толькі здагадвацца, наколькі перакручанае разуменне гуманнасці ў прадстаўніка беларускага рэжыму ў ААН

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 23 сакавіка 2025 года ў 12:26

Ларыса Бельская
Фота: МЗС

22 сакавіка, Позірк. “Сёння ў Беларусі 10 чалавек утрымліваюцца ў рэжыме інкамунікада — без сувязі са знешнім светам. Сотні людзей праходзяць праз катаванні ў ШІЗА. Штрафуюць і пазбаўляюць волі на працяглыя тэрміны за лайкі і рэпосты шматгадовай даўнины паведамленняў незалежных СМІ. Нам застаецца толькі здагадвацца, наколькі перакручанае разуменне гуманнасці ў Ларысы Бельскай”. Так пракаментаваў “Позірку“ намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка сцвярджэнне пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры Аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе пра адсутнасць ў краіне пераследу з палітычных матываў.

“Гуманнасць — важны аспект нашай палітыкі. Кіраўніком дзяржавы ў 2024 годзе памілаваныя, у тым ліку з гуманных меркаванняў, 293 чалавекі, якія раскаяліся ва ўчыненых злачынствах, звязаных з антыдзяржаўнай дзейнасцю. Трэці год працуе камісія па разглядзе зваротаў грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца за мяжой”, — заявіла Бельская 19 сакавіка на дыскусіі па дакладзе групы незалежных экспертаў ААН аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Латушка раскрытыкаваў таксама сцвярджэнне Бельскай аб тым, што “дзяржава прыкладвае максімум намаганняў, каб забяспечыць сваім грамадзянам мір і росквіт, магчымасць найлепшым чынам рэалізаваць свае правы, свабоды і патэнцыял ва ўсіх сферах жыцця”. “Гэтую палітыку“, паводле сцвярджэння пастаяннага прадстаўніка, “падтрымліваюць сотні НДА і прафсаюзных арганізацый, якія вырашаюць рэальныя праблемы на месцах і абараняюць правы людзей, не супрацьпастаўляючы сябе дзяржаве”.

Палітык нагадаў лічбу, якая прыводзіцца ў дакладзе незалежнай групы экспертаў ААН: колькасць тых, хто вымушана пакінуў Беларусь, можа дасягаць 600 тыс. “Гэтыя лічбы карэлююцца са звесткамі нацыянальных міграцыйных службаў краін ЕС. Гэта азначае, што 6,4% насельніцтва вымушана збегла з краіны, ратуючыся ад пераследаў і тэрору“, — сказаў ён.

З нагоды “сотняў НДА“ Латушка адзначыў, што пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі ліквідавана больш за 1.900 няўрадавых арганізацый, працаваць дазволена толькі тым, хто падтрымлівае рэжым. Гэта завуалявана прызнае сама Бельская, якая выкарыстала эўфемізм “не супрацьпастаўляючы сябе дзяржаве”.

У адказ на заяву пастаяннага прадстаўніка, што пяць гадоў таму Захад спрабаваў выкарыстоўваць прэзідэнцкія выбары, каб “падарваць палітычную сістэму і стварыць хаос у краіне“, Латушка апісаў тагачасную сітуацыю ў самім МЗС: “Упэўнены, што Ларыса Бельская, якая працавала яшчэ да 2020 года ў цэнтральным апараце МЗС, як і многія яе калегі, добра памятае, адкуль тады зыходзіла галоўная пагроза рэжыму. МЗС і Бельская ў прыватнасці былі на вастрыі спробаў пошуку падтрымкі ў Захаду для процівагі ціску з Крамля”.

“Ларыса Бельская адначасова добра памятае, як людзі ўжо ў 2020 годзе масава выйшлі на пратэст, не арыентуючыся на захад ці ўсход, а спрабавалі супрацьстаяць гвалту развязанаму рэжымам супраць беларускага народа. Супрацьстаяць чыстаму злу, якому Ларыса Бельская аддана служыць сёння”, — заявіў палітык.

Латушка не пагадзіўся з заклікам Бельскай спыніць працу краінавых механізмаў Савета ААН па правах чалавека, якія нібыта “абслугоўваюць групу краін для ціску на Беларусь“. “Беларусы як ніколі маюць патрэбу ў маніторынгу і незалежнай ацэнцы сітуацыі ў краіне з боку Савета па правах чалавека, незалежнай групы экспертаў ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і спецыяльнага дакладчыка ААН па Беларусі“, — заявіў намеснік кіраўніцы АПК.

Падзяліцца: