Мінск 01:41

Затрыманы “злодзей у законе” з 20-гадовым турэмным стажам

1 красавіка, Позірк. Супрацоўнікі УУС Мінскага аблвыканкама пры сілавой падтрымцы АМАПа затрымалі 43-гадовага мінчука, які пазіцыянаваў сябе як “злодзей у законе”, паведаміла МУС 1 красавіка.

Адзначаецца, што Павел Алексеевіч (крымінальная мянушка “Паштэт”) разам з 43-гадовым саўдзельнікам, які таксама быў затрыманы, “займаўся вывадам сродкаў, заведама здабытых злачынным шляхам”.

Паводле звестак следства, “Алексеевіч звязаўся з прадстаўнікамі махлярскага ўкраінскага кол-цэнтра і, карыстаючыся статусам “крымінальнага аўтарытэта”, прапанаваў супрацоўніцтва: “На працягу паўгода ён з падзельнікам пераводзілі сродкі, атрыманыя ад ахвяр аферыстаў, у крыптавалюту і перадавалі заказчыкам на электронных носьбітах пры асабістых сустрэчах у Мінску. За свае паслугі яны бралі 27% ад сумы”.

“Грамадзян Беларусі (пераважна пажылых) падманвалі ад імя праваахоўнікаў і прадстаўнікоў аператараў сотавай сувязі. Дакладна вядома як мінімум пра 57 эпізодаў на суму больш за 370 тысяч рублёў”, — адзначыла ведамства і дадало, што “падчас вобыскаў у затрыманых канфіскаваны грошы і маёмасць, якія будуць выкарыстаныя для пакрыцця шкоды, нанесенай пацярпелым”.

“Следчымі распачата крымінальная справа за махлярства. Абодва фігуранты раней неаднаразова судзімыя”, — гаворыцца ў рэлізе.

Павел Алексеевіч выйшаў на волю ў кастрычніку 2024 года, паведамляў Udf.name са спасылкай на сайт “Прайм Крайм”, які спецыялізуецца на крымінальнай тэматыцы. Агулам яго турэмны стаж ужо дасягнуў 20 гадоў, ён быў судзімы шэсць разоў.

Падзяліцца: