Мінск 16:50

Мінулы сакавік разам з сакавіком 2007 года стаў самым цёплым у Беларусі за пасляваенны перыяд

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

6 красавіка, Позірк. Мінулы сакавік разам з сакавіком 2007 года стаў самым цёплым у Беларусі за перыяд пасля 1945 года, гаворыцца ў справаздачы Белгідрамета па выніках месяца.

Сярэдняя тэмпература склала 5,2 градуса цяпла — на 4,4 градуса вышэй за кліматычную норму. У залежнасці ад рэгіёна анамалія склала ад 4 да 4,8 градуса. Найбольшая станоўчая анамалія (6,7 градуса) адзначалася ў першай дэкадзе месяца. На поўдні пераход сярэдняй сутачнай тэмпературы паветра праз 5 градусаў цяпла ў бок павышэння (пачатак вегетацыі) адбыўся 4-6 сакавіка, што на месяц раней, чым звычайна, на астатняй тэрыторыі — 24-29 сакавіка, што раней на дэкаду-паўтары.

Больш чым у палове дзён сакавіка тэмпература паветра перавышала 10-градусную адзнаку, у асобныя суткі паветра прагравалася да 15 градусаў і вышэй. Максімальнага значэння (+20,4) тэмпература дасягнула днём 10 сакавіка ў Драгічыне. За ўсю гісторыю метэаназіранняў у першай дэкадзе сакавіка тэмпература паветра ніводнага разу не падымалася да такіх высокіх значэнняў, падкрэслівае Белгідрамет.

У той жа час начныя тэмпературы пераважна былі мінусаывмі і знаходзіліся ў асноўным у межах ад 1 да 8 градусаў ніжэй за нуль. Мінімальная тэмпература адзначана на станцыі “Палеская” ў Лунінецкім раёне (-12 градусаў 16 сакавіка).

За месяц выпала 37 мм ападкаў, што склала 96% нормы. Больш за ўсё іх было на тэрыторыі Віцебскай вобласці (42 мм, або 107% нормы), менш за ўсё — на тэрыторыі Гродзенскай вобласці (30 мм, або 80% нормы). Суха было ў першай дэкадзе месяца (26% дэкаднай нормы), вільготна — у другой і трэцяй дэкадах (120% і 150% адпаведна). 24 сакавіка ў Лынтупах, Мінску, Валожыне і на “Палескай“ быў пабіты рэкорд сутачнага максімуму ападкаў, у Полацку — паўтораны папярэдні рэкорд.

У Віцебску 5 сакавіка была адзначана навальніца з градам дыяметрам да 6 мм, у Жыткавічах 12 сакавіка — навальніца з градам дыяметрам да 3 мм. “Град у сакавіку выключна рэдкая з’ява, а ў Віцебску і Жыткавічах ён рэгіструецца ўпершыню“, — адзначаюць сіноптыкі.

Максімальная хуткасць ветру была зарэгістраваная 24 сакавіка ў Горках — 22 м/с.

Пасля цёплага пачатку красавіка цяпер у Беларусі зімовае надвор’е: снег, мяцеліца, начныя маразы, блізкая да нуля дзённая тэмпература. У ноч на 9 красавіка чакаецца да 12 градусаў ніжэй за нуль.

Падзяліцца: