Мінск 03:03

Медыяпраект “Настоящее время. Беларусь” спыніў вяшчанне

16 красавіка, Позірк. Аб спыненні вяшчання і адпраўцы ўсіх супрацоўнікаў у адміністрацыйны адпачынак паведаміў медыяпраект “Настоящее время. Беларусь” (Current Time Belarus).

Такая “мера радыкальнага зніжэння выдаткаў” звязаная з “спрэчкай карпарацыі RFE/RL (радыё “Свабода“/“Свабодная Еўропа“. — “Позірк”.) аб фінансаванні з Агенцтвам ЗША па глабальных медыя, USAGM”.

Праект быў створаны два гады таму для рускамоўнай аўдыторыі з Беларусі і з’яўляецца часткай тэлеканала “Настоящее время“, які ў сваю чаргу быў створаны ў 2017 годзе RFE/RL і радыёкампаніяй “Голас Амерыкі“, якая прыпыніла вяшчанне ў сакавіку 2025 года пасля скарачэнняў у USAGM з-за рашэнняў адміністрацыі новага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.

Сваёй галоўнай мэтай каманда называе “данясенне альтэрнатыўных дзяржаўным навін у краіну, дзе ўжо пяты год ёсць востры дэфіцыт незалежнай журналістыкі і непадцэнзурнага кантэнту”.

“Наш ютуб-канал прыносіць 8,5 млн праглядаў у год, TikTok — больш за 10 млн. 75% гледачоў глядзяць нас з Беларусі, — адзначаецца ў паведамленні. — Цяпер мы вымушаныя спыніць сваю працу як мінімум на месяц. Увесь гэты час мы не зможам перадаваць навіны, распавядаць гісторыі, рабіць аналітыку і казаць пра важнае са сваёй аўдыторыяй“.

Сітуацаю, што склалася, журналісты называюць “комай — з кожным днём прастою ўсё менш шанцаў вярнуцца”. “Але мы спадзяемся захаваць сваю жыццяздольнасць”, — гаворыцца ў паведамленні.

Карпарацыя RFE/RL падала ў суд на USAGM з-за спынення фінансавання, якое было выдзелена Кангрэсам ЗША на 2025 фінансавы год.

15 сакавіка USAGM заявіла аб спыненні гранта для “Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода” (RFE/RL). Гэта адбылося праз некалькі гадзін пасля публікацыі ўказа Трампа, які заклікаў да скарачэння сямі федэральных агенцтваў — у тым ліку USAGM — да “максімальнай ступені, якая адпавядае дзейнаму заканадаўству”.

25 сакавіка Акруговы суд у Вашынгтоне задаволіў пазоў RFE/RL, загадаўшы USAGM спыніць спробы закрыць медыякарпарацыю.

26 сакавіка USAGM паведаміла, што адмяняе сваю заяву аб спыненні гранта ад Кангрэса, выдадзеную 15 сакавіка, але падкрэсліла, што захоўвае за сабой права спыніць выдаткаванне гэтага гранта ў будучыні.

Медыякарпарацыя “чакае афіцыйнага пацверджання ад USAGM аб аднаўленні грантавага фінансавання”, але гэтага пакуль не адбылося. Адпаведна кампанія не мае належных сродкаў для паўнавартаснай працы.

“Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа” заснавана ў 1949 годзе. Беларуская служба РС пачала вяшчанне ў 1954-м. Пасля падзей 2020 года цалкам працуе з-за мяжы. Прызнана “экстрэмісцкім фарміраваннем” беларускімі ўладамі. Шэраг супрацоўнікаў пацярпеў ад палітычных рэпрэсій. Праз крымінальныя тэрміны прайшлі журналісты Алег Груздзіловіч і Андрэй Кузнечык. На сёння ў няволі і ў статусе палітвязняў застаюцца звязаныя з РС Ігар Карней і Ігар Лосік. РС працуе цяпер у абмежаваным рэжыме.

Пасля абвяшчэння рашэння аб спыненні фінансавання ў падтрымку РС выступілі беларускія дэмакратычныя сілы, Беларуская асацыяцыя журналістаў і інш.

Падзяліцца: