Мінск 05:31

Урад дазволіў падвысіць цэны на некаторыя віды гародніны

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

17 красавіка, Позірк. Падвышаныя гранічныя максімальныя адпускныя і рознічныя (аптовыя) цэны на некаторыя віды гародніны, вынікае з пастановы № 713(7), падпісанай 16 красавіка прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыным.

Згодна з дакументам, апублікаваным 17 красавіка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, гранічныя цэны на тавары (у тым ліку прадаваныя са стабілізацыйных фондаў) без падатку на дабаўленую вартасць складуць:

  • свежая бульба (за выключэннем памытай): у красавіку і 1–15 траўня — 1 рубель за кілаграм (пастанова 713(5) ад 16 кастрычніка 2024 года на красавік вызначала гранічную цану 0,76 рубля, то бок +31,6%, на травень — 0,8, +25%);
  • свежая белакачанная капуста (за выключэннем ранняй) — 1,2 рубля (0,93, +29%; 1,14, +5,4%);
  • рэпчатая цыбуля (за выключэннем чырвонай і белай) — 1,5 рубля (1,28, +17,2%; 1,39, +7,9%).

Гранічныя максімальныя рознічныя (аптовыя) цэны такія:

  • свежая бульба (за выключэннем памытай): у красавіку і 1–15 траўня — 1,5 рубля (1,11, +35,1%; 1,16, +29,3%);
  • свежая белакачанная капуста (за выключэннем ранняй) — 1,8 рубля (1,47, +22,5%; 1,8, без змяненняў);
  • рэпчатая цыбуля (за выключэннем чырвонай і белай) — 2,25 рубля (1,88, +19,7%; 2,04, +10,3%).

Пастанова набывае моц 17 красавіка.

6 кастрычніка 2022 года Аляксандр Лукашэнка па выніках нарады аб цэнавай сітуацыі ў краіне падпісаў дырэктыву № 10 “Аб недапушчальнасці росту цэн”. Пастановай урада ад 19 кастрычніка 2022 года № 713 было ўведзена рэгуляванне цэн на тавары ўсяго спажывецкага кошыка. Пазней з яго былі выключаныя некаторыя групы тавараў, падкарэктаваныя правілы рэгулявання цэн, у дакумент уносіліся змяненні.

Пастанова № 713(6) ад 2 красавіка 2025 года скараціла спіс тавараў, якія падлягаюць цэнаваму рэгуляванню — “зыходзячы з балансу інтарэсаў дзяржавы і ўдзельнікаў спажывецкага рынку”, — з 331 да 211 пазіцый (-36,3%). Урад заявіў, што рашэнне паменшыць пералік “базавалася на неабходнасці падтрымання ўзроўню інфляцыі і выключэнні з цэнавага рэгулявання тавараў непаўсядзённага попыту або прэміум-класа”.

18 кастрычніка 2024 года Аляксей Багданаў, які займаў на той момант пасаду міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю (14 студзеня 2025-га прызначаны амбасадарам у Казахстане), паведаміў, што ўрад распрацоўвае “альтэрнатыўную сістэму рэгулявання цэн” з “найменшым умяшаннем дзяржавы ў працэсы цэнаўтварэння”.

31 кастрычніка першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў заявіў, што Савет міністраў працуе над ліквідацыяй негатыўных эфектаў, якія ўчыніла эканоміцы пастанова № 713.

Спажывецкія цэны ў сакавіку 2025 года выраслі на 0,8%, ад пачатку гэтага года — на 2,8%, у гадавым вымярэнні (да сакавіка 2024-га) — на 5,9%.

Падзяліцца: