Мінск 16:49

Супольнасць, звязаная з інтэрнэт-рэсурсамі ксяндза Барка, прызнаная “экстрэмісцкім фарміраваннем”

Вячаслаў Барок
Архіўнае фота: "Позірк"

17 красавіка, Позірк. Міністэрства ўнутраных спраў 16 красавіка прызнала “экстрэмісцкім фарміраваннем” групу грамадзян “з ліку стваральнікаў, удзельнікаў і адміністратараў інтэрнэт-рэсурсаў пад адзінай назвай “Ксёндз Барок”, вынікае з абноўленага спісу на сайце МУС.

Рэсурсамі гэтага “фарміравання” названыя ютуб-канал “Ксёндз Барок”, старонка “Вячаслаў Барок” у “Фэйсбуку”, тэлеграм-канал “Ксёндз Барок”, адрас электроннай пошты barokslava@gmail.com, а таксама “лагатып у выглядзе фатаграфічнай выявы” Барка “на фоне акцыі пратэсту 2020”.

Вячаслаў Барок — былы пробашч парафіі святога Язафата Кунцэвіча ў Расонах (Віцебская вобласць), блогер. У 2021 годзе пакінуў Беларусь праз пераслед. У снежні 2020 года быў арыштаваны на 10 сутак паводле абвінавачання ў “дэманстрацыі нацысцкай сімволікі”. Такой суд палічыў апублікаваную ім антыфашысцкую карыкатуру.

У лютым 2024 года стала вядома, што Барок абвешчаны ў вышук у Расіі.

Прылічаная да “экстрэмісцкай” дзейнасць пераследуецца ўладамі ў крымінальным парадку. Гэта адзін з актыўных інструментаў палітычных рэпрэсій.

Падзяліцца: