Мінск 02:59

Мытня Літвы знішчыла 7 тон кантрафактных цукерак на 282 тыс. еўра, якія перавозіліся ў Беларусь

Фота: lrmuitine.lt

18 красавіка, Позірк. Аб затрыманні і наступным знішчэнні буйной партыі цукерак, якая накіроўвалася ў Беларусь паведаміла 18 красавіка прэс-служба мытні Літвы.

Інцыдэнт здарыўся ў Клайпедскім марскім порце, адзначаецца ў прэс-рэлізе. Пры праверцы “партыі шакаладных цукерак з надпісам DEFFERO (упакоўка цукерак і яе дызайн ідэнтычныя прадукцыі вядомага брэнда FERRERO SPA)“ супрацоўнікі мытні “западозрылі, што гэта можа быць падробка“.

У дакументах было пазначана, што перавозіцца больш за 7 тон вырабленай у Кітаі прадукцыі. Прадаўцом з’яўляецца балгарская кампанія, атрымальнікам — беларуская.

“Клайпедская тэрытарыяльная мытня звязалася з прадстаўніком уладальніка таварнага знака FERRERO SPA і атрымала пацверджанне таго, што затрыманыя шакаладныя цукеркі з надпісам DEFFERO былі вырабленыя з парушэннем правоў інтэлектуальнай уласнасці ўладальніка таварнага знака FERRERO SPA, і запатрабавала іх знішчэння“, — адзначыла мытня, падкрэсліўшы, што “канфіскаваная партыя была знішчаная“.

Паводле інфармацыі мытні, кошт партыі, калі б яна трапіла на рынак, складала б 282 тыс. еўра.

Гэта першая буйная партыя цукерак, пра якую паведаміла ведамства. У асноўным літоўскі бок рапартуе аб затрыманні кантрабандных цыгарэт беларускай вытворчасці.

Апошні такі выпадак быў зафіксаваны 2 красавіка, калі літоўскія памежнікі паведамілі аб прымусовай пасадцы беспілотнага лятальнага апарата, які пераносіў упакоўку з 500 пачкамі цыгарэт Minsk Capital QS, маркіраваных беларускімі акцызнымі маркамі.

Падзяліцца: