Праеўрапейская партыя перамагае на выбарах у Малдове, на ўчастку ў Мінску большасць у прарасійскага блока

29 верасня, Позірк. Партыя праеўрапейскага прэзідэнта Маі Санду “Дзеянне і салідарнасць” перамагае на парламенцкіх выбарах у Малдове.
Паводле вынікаў падліку 99,38% галасоў кіроўная партыя атрымала 49,95% галасоў, сведчаць звесткі Цэнтральнай выбарчай камісіі.
На другім месцы апазіцыйны прарасійскі “Патрыятычны блок” былога прэзідэнта, старшыні Партыі сацыялістаў Ігара Дадона (24,31%), на трэцім — блок “Альтэрнатыва“, які крытыкуе ўладу і апазіцыю (8,00%). Ён створаны мэрам Кішынёва Іёнам Чабанам, сапернікам Санду на выбарах 2024 года Аляксандрам Стаяногла і іншымі палітыкамі.
На ўчастку для галасавання, адкрытым у амбасадзе Малдовы ў Мінску, большасць атрымаў “Патрыятычны блок” (53,19%; 150 галасоў). “Дзеянне і салідарнасць“ на другім месцы (28,72%; 81), “Альтэрнатыва“ — на трэцім (9,22%, 26). У выбарах брало ўдзел 288 чалавек (112 жанчын, 176 мужчын), сапраўднымі прызнаныя 282 галасы.
Дзясяткі грамадзян Малдовы прыехалі з РФ у Мінск, каб узяць удзел у галасаванні на парламенцкіх выбарах. Малдаўская паліцыя заявіла, што “прадпрымае крокі па праверцы і расследаванні абставінаў, выяўленні ўцягнутых асоб і прадухіленні такіх дзеянняў”.
Увосень 2024 года для галасавання ў амбасадзе Малдовы ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Мінск масава завозіліся малдаване з Расеі, якія ў асноўным сімпатызуюць РФ. Гэта адбілася на выніках галасавання ў дыпмісіі: яўка вырасла з 205 чалавек у першым туры да 664 у другім, а супернік Санду Стаяногла атрымаў 86,25% галасоў.
28 верасня ў інтэрв’ю тэлеканалу Moldova 1 беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская заявіла, што, калі грамадзяне Малдовы зробяць “правільны выбар” падчас галасавання за новы склад парламента, гэта “будзе абнадзейваючым пасланнем і для Беларусі, і для іншых постсавецкіх краін”.
У ноч на 29 верасня Ціханоўская павіншавала (https://x.com/Tsihanouskaya/status/1972430991940800525) Санду і яе партыю з “вырашальнай перамогай“ на выбарах, “нягледзячы на ўмяшанне Расеі“. “Малдова выбрала еўрапейскую будучыню. Як і нашы малдаўскія сябры, беларусы хочуць жыць свабодна, дэмакратычна і па-еўрапейску. Ніякі дыктатар не зможа скрасці нашу агульную будучыню”, — заявіла дэмлідар.
У кастрычніку 2023 года Ціханоўская наведвала Малдову на запрашэнне Санду. У малдаўскім парламенце дзейнічае дэпутацкая група “За дэмакратычную Беларусь”.
У ліпені 2025 года Аляксандр Лукашэнка прымаў Дадона, які напярэдадні прыбыў у Мінск з Масквы. “На жаль, так склалася, што мне вельмі складана пабываць у Малдове ў сілу той палітыкі, якую там вы праводзіце цяпер“, — панаракаў Лукашэнка. “Калі ў кіраўніцтва Малдовы, у народа Малдовы будзе жаданне вярнуцца да нашага супрацоўніцтва і прымножыць яго, Ігар Мікалаевіч, ведайце, што вы для нас там не чужы чалавек. Мы гатовыя праз вас, калі вы пагодзіцеся, аказваць садзейнічанне, аднавіць усё тое, што было згублена за гэтыя гады“, — заявіў суразмоўца Дадона.

- Эканоміка
- Палітыка
- АнонсыАнонсы падзей на 29 верасня — 23 лістапада 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка, ЭканомікаЧарга грузавікоў на мяжы з Польшчай знізіцца за некалькі сутак — кіраўнік ДМКМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка