Мінск 14:30

У дачыненні да трох выпускнікоў сталічнай ВНУ распачатыя крымінальныя справы за ўхіленне ад размеркавання

Ілюстрацыйнае фота: Racool Studio / freepik.com

3 кастрычніка, Позірк. Пракуратура Фрунзенскага раёна Мінска ўзбудзіла крымінальныя справы прыватнага абвінавачання ў дачыненні да трох выпускнікоў адной са сталічных ВНУ за “нанясенне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу” (ч. 1 арт. 216 КК), паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры.

Выпускнікам ставіцца ў віну тое, што яны “ў розны час з 2021 года па 2022 год пры дапамозе іншых асоб падалі ва ўстанову адукацыі загадзя падробленыя дакументы пра сваё працаўладкаванне на падставе размеркавання па спецыяльнасці ў камерцыйнай структуры, якая на справе не вяла ніякай гаспадарчай дзейнасці”.

Сцвярджаецца, што так яны “планавалі пазбегнуць абавязку па адпрацоўцы тэрміну абавязковай працы на падставе размеркавання, <…> а ў выпадку неадпрацоўкі — кампенсацыі ў рэспубліканскі бюджэт сродкаў, выдаткаваных дзяржавай на іх падрыхтоўку”.

Паводле даных пракуратуры, сваімі дзеяннямі маладыя людзі нанеслі шкоду агулам больш як на 11 тыс. рублёў.

Наглядны орган адзначае, што санкцыя ч. 1 арт. 216 КК прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу; папраўчых работ, арышту або абмежавання волі на тэрмін да 2 гадоў; пазбаўлення волі на тэрмін да 3 гадоў. Дадаткова можа быць прынятае рашэнне аб пазбаўленні права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

Крымінальныя справы накіраваныя ва ўпраўленне Следчага камітэта па Мінску.

22 верасня Генпракуратура паведаміла, што ад пачатку 2025 года ў Брэсцкай вобласці адбылося не менш як пяць выязных судовых пасяджэнняў па справах аб спагнанні сродкаў з выпускнікоў, якія не адпрацавалі абавязковы тэрмін размеркавання.

Згодна з арт. 78 Кодэкса аб адукацыі, спецыяліст (рабочы, службоўца), які не прапрацаваў належны тэрмін на падставе размеркавання, абавязаны кампенсаваць у рэспубліканскі і (або) мясцовы бюджэт сродкі, выдаткаваныя дзяржавай на яго падрыхтоўку.

Добраахвотна кампенсаваць выдаткі можна на працягу шасці месяцаў з дня выдання адпаведнага загада.

На сёння адпрацоўка на падставе размеркавання абавязковая толькі для выпускнікоў ВНУ, каледжаў, прафтэхвучылішчаў, якія навучаліся за кошт бюджэту. Тыя, хто навучаецца па мэтавым накіраванні ў ВНУ, абавязаныя адпрацаваць на падставе размеркавання 5 і больш гадоў (у залежнасці ад тэрміну, прапісанага ў дагаворы аб падрыхтоўцы спецыяліста), астатнія бюджэтнікі — 2 гады.

Кожны выпускнік пасля размеркавання атрымлівае статус маладога спецыяліста, які дае права на адпачынак пасля заканчэння навучання, на грашовую дапамогу ў памеры стыпендыі, на першачарговае атрыманне арэнднага жылля з камунальнага жыллёвага фонду. Акрамя таго, прадугледжана частковае грашовае кампенсаванне за арэнду жылля, калі выпускнік накіроўваецца на падставе размеркавання ў населены пункт, дзе не мае месца пражывання.

Магчымасці наймальніка звольніць маладога спецыяліста, перавесці яго на працу, не звязаную з атрыманай спецыяльнасцю, абмежаваныя.

Падзяліцца: