Мінск 00:24

“Галаграфічная індустрыя”, якая трапіла пад санкцыі ЕС, звязаная з “кашальком Лукашэнкі” Шаўцовым — БРЦ

Фота: БРЦ

23 кастрычніка, Позірк. Беларуская кампанія “Галаграфічная індустрыя”, якая трапіла пад санкцыі Еўрасаюза, звязаная з “кашальком Аляксандра Лукашэнкі”, прадпрымальнікам Віктарам Шаўцовым, паведамляе Беларускі расследвальніцкі цэнтр (БРЦ).

ААТ “Галаграфічная індустрыя” з’яўляецца манапалістам у вытворчасці ахоўных галаграм у Беларусі, якія выкарыстоўваюць паўсюдна — ад пашпартоў да акцызных марак, адзначае БРЦ.

Заснавальнік фірмы Леанід Танін, як заяўляецца, пацвердзіў удзел Шаўцова ў яе дзейнасці, пры гэтым бізнесмэн аддаў дзяржаве “частку сваіх акцый”. Узамен, паводле слоў Таніна, кампанія атрымала “стабільныя” дзяржзаказы.

Паводле даных БРЦ, Шаўцоў праз кампанію “Тэхнахімтрэйд” валодаў найбуйнейшым пакетам акцый ЗАТ “Галаграфічная індустрыя”.

Увесну 2024 года расследвальнікі высветлілі, што фірма, якую першапачаткова выбралі для друку пашпартоў “Новай Беларусі” — Garsų pasaulis — аказалася звязанай з Шаўцовым.

“Літоўская кампанія была звязаная з беларуска-літоўскім прадпрыемствам GP Holographics, а тая ў сваю чаргу — з Шаўцовым (да лістапада 2023-га яму належала 40% акцый)”, — адзначае БРЦ.

Пасля расследавання БРЦ кантракт з Garsų pasaulis на друк пашпартоў быў скасаваны.

Паведамляецца, што ў канцы 2000-х гадоў для Беларусі пачаўся “венесуэльскі перыяд”, цесна звязаны з кампаніяй “Белзамежбуд”.

“Гэта прадпрыемства заснавалі спецыяльна пад праекты Лукашэнкі ў Венесуэле. Шаўцова прызначылі старшынёй савета дырэктараў. У выніку ён стаў адным з бенефіцыяраў беларускіх праектаў у Венесуэле. Агульны партфель кантрактаў “Белзамежбуда” ў Венесуэле перавышаў 1 млрд долараў”, — падкрэсліваецца ў публікацыі.

Акрамя таго, як адзначае БРЦ, Шаўцоў супольна з эмірацкім бізнесменам Махамедам Аль-Сувайдзі стварылі “сетку кампаній ад ААЭ да Літвы”. Шаўцоў дзейнічаў як “злучнае звяно паміж рэжымам Лукашэнкі і эмірацкім капіталам”. У прыватнасці, ён лётаў у камандзіроўкі з “вышэйшымі беларускімі чыноўнікамі” — былым дзяржсакратаром Савета бяспекі, экс-генпракурорам і кіраўніком спраў прэзідэнта, а цяпер памочнікам Лукашэнкі па асаблівых даручэннях Віктарам Шэйманам і на той момант першым віцэ-прэм’ерам Уладзімірам Сямашкам.

Праз венесуэльскія праекты Шаўцоў “атрымліваў доступ да нафтавых грошай”, а сумесна з Аль-Сувайдзі “ствараў кампаніі ў розных юрысдыкцыях”.

Акрамя таго, ён “выкарыстаў давераных асоб для кіравання актывамі ў ЕС”.

У 19-ы санкцыйны пакет Еўрапейскага саюза супраць Расіі ўнесеныя тры беларускія банкі, вынікае з дакумента, апублікаванага 23 кастрычніка ў афіцыйным часопісе ЕС.

У спіс трапілі “Альфа-Банк (Беларусь)”, “Сбер Банк (Беларусь)”, “Банк ВТБ (Беларусь)”. Санкцыі ў дачыненні да гэтых арганізацый набудуць моц 2 снежня.

Адметна, што ў новым пераліку фігуруюць яшчэ дзве беларускія фінансава-крэдытныя ўстановы — Банк “БелВЭБ”, “Белгазпрамбанк”, якія трапілі пад абмежавальныя меры ў лютым гэтага года.

У пакеце фігуруюць таксама дзве фізічныя асобы і тры кампаніі з Беларусі: старшыня “Белнафтахіма” Ілля Ікан і генеральны дырэктар холдынгу “Гарызонт” Юрый Прадко; сам холдынг “Гарызонт”, “Інстытут лічбавага тэлебачання “Гарызонт” і “Галаграфічная індустрыя”.

Абмежавальныя меры ўведзеныя “ў сувязі з сітуацыяй у Беларусі і ўдзелам Беларусі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны”.

Падзяліцца: