Мінск 14:25

Праваабаронцам вядома пра 111 затрыманых па справе “Беларускага Гаюна”

Ілюстрацыя: тэлеграм-канал "Беларускі Гаюн"

28 кастрычніка, Позірк. Праваабарончы цэнтр “Вясна” мае інфармацыю пра як мінімум 111 пацверджаных фігурантаў палітычна матываванай справы “Беларускага Гаюна” (маніторынг вайсковай актыўнасці ў Беларусі, у тым ліку расійскай арміі), узятых пад варту.

Рэальная колькасць затрыманых па справе значна большая, затрыманні працягваюцца, некаторых людзей вызваляюць пад заклад, падкрэсліваюць праваабаронцы.

Адзначаецца таксама, што ў Беларусі “амаль кожны дзень праходзяць суды па гэтай справе”.

17 кастрычніка “Вясна” паведамляла пра 106 пацверджаных фігурантаў справы“беларускага Гаюна”.

28 ліпеня праваабаронцы заяўлялі, што затрымана не менш за 33 чалавекі, 7 жніўня — 38, 18-га — 40, 27-га — 53, 7 верасня — 61, 29-га — 78, 13 кастрычніка — 88.

Большасць фігурантаў гэтай справы мужчыны. У віну ставіцца арт. 3614 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Праект “Беларускі Гаюн” быў створаны пасля поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе. Спыніў працу 7 лютага 2025 года, неўзабаве пасля таго, як невядомыя атрымалі доступ да чат-бота, дзе “збіралася інфармацыя ад людзей”.

“Мы не ведаем, які аб’ём дадзеных мог быць выпампаваны за той час, пакуль у іншага акаўнта быў доступ. Я хачу адразу сказаць, што ў гэтай сітуацыі спрацавала чалавечая памылка, і гэтая памылка была маёй”, — заяўляў тады заснавальнік праекта блогер Антон Матолька.

Ён папярэдзіў пра пагрозу для людзей, якія дасылалі ў бот інфармацыю. Некаторыя з іх эмігравалі.

Пра масавыя затрыманні па справе “Беларускага Гаюна” паведамлялася 2 траўня.

У чэрвені Гродзенскі абласны суд завочна прыгаварыў Матольку да 20 гадоў пазбаўлення волі за “шэраг наўмысных злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці”.

Падзяліцца: